У Менску прайшоў ХІІ Нацыянальны фэстываль архітэктуры. Разам з архітэктарам Лявонціем Зданевічам Свабода зьвярнула ўвагу на тры спрэчныя праекты, якія маюць быць рэалізаваныя ў Менску.
1. Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы: «Можна было і лепш»
На праспэкце Пераможцаў (раней Паркавая магістраль і праспэкт Машэрава) знаходзіцца вельмі шмат аб’ектаў. Праспэкт разьмешчаны паралельна пойме ракі Сьвіслач. Многія пакаленьні архітэктараў успрымалі гэту зону як паркавую, прызначаную для адпачынку. Адмыслоўцы-горадабудаўнікі, ляндшафнікі называлі яе лёгкімі гораду. Бо праз пойму і рэчышча ракі адбываецца вэнтыляцыя мэгаполісу. Гэта важна для мікраклімату ў цэлым.
«Але, на жаль, гэтая татальная забудова паркавай зоны, Паркавай магістралі ня ёсьць правільным рашэньнем. — сказаў архітэктар Лявонці Зданевіч. — Нельга тут вінаваціць архітэктараў, бо яны выконвалі замову канкрэтнага інвэстара, заказчыка. Натуральна, што на такіх пляцоўках заказчыкі невыпадковыя. Відаць, іх вызначалі на ўзроўні кіраўніцтва краіны. І адпаведна гэтыя заказчыкі выбралі зусім ня горшых архітэктараў. Я не хачу асуджаць нікога зь іх. Але мне не падабаецца гэтая тэндэнцыя, калі практычна тое, што бераглі шмат дзесяцігодзьдзяў, сёньня татальна забудоўваецца. Ня факт, што сёньня гэтая забудова вядзецца найлепшым чынам».
Праект Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы зьмянялі некалькі разоў. Цяперашні, паводле спадара Зданевіча, «красамоўна сьведчыць, што можна было нешта зрабіць і лепш».
«Але каробка ўжо стаіць, нічога зьмяніць нельга», — дадае ён.
Побач з цэнтрам яшчэ адзін высотны будынак.
«І неўзабаве тыя, хто купляў жытло на процілеглым баку праспэкта ў разьліку бачыць водную роўнядзь ракі Сьвіслач, нават кавалачка гэтай вады ня ўбачаць. Ёсьць такое паняцьце, як спажывецкія якасьці аб’екта архітэктуры. Ты сёньня купляеш адно, а заўтра табе ствараюць яшчэ адзін аб’ект, які зьніжае ў разы спажывецкія якасьці таго, што ты набыў», — сказаў Лявонці Зданевіч.
2. Будынак Вярхоўнага Суду: «Гэта катастрофа»
Аўтарам будынку, які ўзводзіцца ў Менску ў межах праспэкту Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай, зьяўляецца «Менскпраект». Замоўнікам выступае дзяржава.
«Магу з жалем канстатаваць, што палітыка нашага міністэрства, якое ў кантэксьце патрабаваньняў атэстацыйных, сэртыфікацыйных перасьледавала мэту стварыць максымальна спрыяльныя ўмовы для існаваньня, жыцьця і разьвіцьця дзяржаўных інстытутаў з абсалютна супрацьлеглым жорсткім стаўленьнем да малых праектных структураў, ужо дае вынікі і плады. І мы бачым гэтыя плады на прадстаўленым праекце. Тут проста плакаць хочацца. Гэта катастрофа», — так апісаў праект Лявонці Зданевіч.
3. Рэканструкцыя комплексу аб’ектаў стадыёну «Дынама»: «Усе стаміліся ад гэтых інтэрпрэтацый»
Лявонці Зданевіч прыводзіць гэты праект у прыклад таго, як сродкі, якімі дасягаецца мэта, неадэкватныя.
«Мэта зрабіць плястычную форму, што, дарэчы, спрэчна. Бо мы ведаем клясычны будынак, з вобразам якога мы звыкліся. Я не хачу выказвацца, кепска гэта ці добра. Але ж я ўспрымаю гэта нармальна, мне гэта падабаецца. Бо я звыкся з гэтым, бо гэта гісторыя. Але ёсьць модная тэндэнцыя, якая распачалася з пэкінскага „Птушынага гнязда“. І вось ужо інтэрпрэтацыя гэтай тэмы. Я ўжо стаміўся бачыць гэтыя інтэрпрэтацыі як архітэктар. І ўсе стаміліся. Адна справа, калі робіцца гэта паралельна ці, можа, год-два. А калі ўжо столькі часу прайшло, а мы гэтую тэму ўсё яшчэ не пераварылі, то мне сумна», — кажа архітэктар.
Лявонці Зданевіч кажа, што яму падабаецца архітэктура, якая дасягаецца мінімальнымі сродкамі, але мае максымальны эфэкт.
«А дзеля гэтай плястыкі паглядзіце, што робіцца. Якія складаныя мэталічныя канструкцыі, што не зьяўляюцца ні функцыянальнымі, ні тэктанічнымі. Гэта ўся канструкцыя падпарадкавана аднаму — утварыць гэтую форму. Я пытаюся, дзеля чаго? Каб вось гэтая прастора проста загінула і ніяк не выкарыстоўвалася? Кошт, якім дасягаецца мэта, дарэчы, мае вельмі сумнеўны эфэкт».