Сьвяткаваньні пачаліся з набажэнства за Айчыну і ўскладаньня вянкоў да магілы невядомага салдата ў сталіцы з удзелам прэзыдэнта Анджэя Дуды:
— Мы павінны памятаць пра тое, якая была цана незалежнасьці і свабоды. Нельга забываць, што незалежнасьць не дадзена раз і назаўжды, — сказаў прэзыдэнт Польшчы.
Што тычыцца вулічных дэманстрацый, то толькі ў Варшаве іх прайшло больш за дзесятак, самая прадстаўнічая — шматтысячны (каля 50 тысяч удзельнікаў) марш патрыётаў пад дэвізам «Нам патрэбны Бог!».
Арганізатар Маршу Роберт Банкевіч:
— Польшча зьяўляецца бастыёнам хрысьціянства, веры, якая ў цяперашняй Эўропе руйнуецца. Адсюль дэвіз «Нам патрэбны Бог!»
Сёлета на шляху руху дэманстрацыі ў Варшаве на скрыжаваньнях былі ўсталяваныя бэтонныя загароды, каб прадухіліць тэрарыстычныя акты з выкарыстаньнем аўтамабіляў.
Дэманстрацыі, мітынгі і канцэрты прайшлі па ўсёй краіне — у Кракаве свае мерапрыемствы з удзелам кіраўніка ўраду, сьпікераў Сэйма і Сэнату правяла кіруючая ў Польшчы партыя «Права і справядлівасьць».
Арыгінальны падарунак палякам падрыхтавала пасольства ЗША ў гэтай краіне. Амэрыканскія дыпляматы запісалі відэаролік, у якім па-польску адказваюць на пытаньне, што яны больш за ўсё любяць у Польшчы. У лідэрах апынуліся кухня і музыка, прычым як клясычная, так і сучасная.
11 лістапада — дзень заканчэньня Першай сусьветнай вайны — прынята лічыць у Польшчы днём заканчэньня 123-гадовага пэрыяду няволі, калі ўлада ў краіне перайшла ў рукі Юзэфа Пілсудзкага і пачалося будаўніцтва Другой Рэчы Паспалітай, якая праіснавала да 1939 году.