Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускай АЭС ня страшныя землятрусы: Дзяржатамнагляд апублікаваў вынікі стрэс-тэстаў


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Нацыянальная справаздача аб выніках стрэс-тэстаў Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы апублікаваная сёньня на сайце Дэпартамэнту па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў Дзяржатамнаглядзе.

Стрэс-тэсты — гэта праверка ўстойлівасьці АЭС да экстрэмальных узьдзеяньняў.

Паводле высноваў нацыянальнай справаздачы, Беларуская АЭС «цалкам адпавядае найвышэйшым міжнародным стандартам бясьпекі». Гэтыя стандарты былі ўведзеныя пасьля аварыі на японскай «Фукусіме» у 2011 годзе, каб гарантаваць бясьпеку ў выпадку адмовы асноўных сыстэмаў АЭС або ў выніку вонкавых узьдзеяньняў.

Кіраўніца Дзяржатамнаглядзе Вольга Лугаўская, якую цытуе Tut.by, паведаміла сёньня, што стрэс-тэсты ацэньвалі здольнасьць АЭС супрацьстаяць нават малаверагодным для Беларусі моцнаму землятрусу і затапленьню, зьвязанаму з цунамі. Улічваліся такія прыродныя зьявы, як моцныя вятры, дажджы, буйны град, пылавыя буры, моцныя завеі, сьнегапады, абледзяненьне, туманы, засухі і экстрэмальныя тэмпэратуры. А таксама наступствы збояў у электразабесьпячэньні і страты электраносьбітаў.

Паводле Вольгі Лугаўской, Беларуская АЭС «устойлівая да падзеяў, падобных тым, што адбыліся на «Фукусіме».

«Будынкі, збудаваньні, абсталяваньне спраектаваныя паводле дзейнай нарматыўна-праўнай базы, вызначаныя запасы бясьпекі — гэта пэўны запас над дзейнымі абавязковымі патрабаваньнямі», — сказала кіраўніца Дзяржатамнагляду.

Зьмены ў праекце тычацца электрычнай часткі

Рэкамэндацыі па выніках стрэс-тэстаў не прадугледжваюць істотных зьменаў праекту атамнай станцыі. Паводле намесьніка галоўнага інжынэра РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» Аляксандра Парфёнава, нязначныя зьмены тычацца электрычнай часткі праекту.

Цяпер беларуская справаздача аб выніках стрэс-тэстаў будзе перададзеная Эўрапейскай групе нагляду ў сфэры ядзернай бясьпекі (ENSREG) і Эўракамісіі для міжнароднай экспэртнай ацэнкі.

Паводле беларускага боку, рэкамэндацыі эўрапейскіх экспэртаў будуць улічаныя пры распрацоўцы пляну захадаў дзеля ўзмацненьня запасаў бясьпекі, які зьявіцца яшчэ сёлета.

Раней ўрад Літвы скептычна ставіўся да абяцаньняў Беларусі падаць Эўракамісіі вынікі стрэс-тэстаў Астравецкай АЭС і адзначаў, што без адказаў застаюцца многія пытаньні бясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG