Калі ў Амэрыцы цэны на iPhone 8 пачынаюцца ад 699 даляраў, то ў Беларусі афіцыйныя прадаўцы прапаноўваюць гэты тэлефон ад 1019,5 даляраў (2039 рублёў). Максымальная ж розьніца паміж беларускім і амэрыканскім рынкам складае 430 даляраў за iPhone 8 Plus на 256 Gb.
Колькі будзе каштаваць iPhone X у Беларусі?
Як нам паведамілі прадстаўнікі афіцыйнага прадаўца i-store.by, пакуль невядома, калі ў Беларусі пачнецца продаж iPhone X і колькі ён будзе каштаваць.
Куды ехаць па новы iPhone?
На афіцыйным сайце Apple ёсьць стартавыя цэны на апошнюю мадэль iPhone ў ЗША, Польшчы і Расеі.
Таньней за ўсё з краін-суседзяў будзе набыць тэлефон у Польшчы. Максымальная розьніца з амэрыканскім рынкам складае 426 даляраў. Варта адзначыць, што розьніца паміж афіцыйнымі цэнамі на iPhone X у Польшчы і Расеі складае 6-8 даляраў.
Хто ў Беларусі зможа сабе дазволіць iPhone X?
Афіцыйная цана iPhone X на 256 ГБ у ЗША складае 1149 даляраў. У Беларусі ён будзе каштаваць на 30-40% даражэй. Гэта больш за 2 сярэднія заробкі беларуса.
Менчуку зь сярэднім даходам, каб назьбіраць на iPhone X, давядзецца адкладваць усе заробленыя грошы цягам 60 дзён. Беларусу-айцішніку — 23 дні. Студэнт зможа назьбіраць на новы «яблычны» мабільнік, калі будзе адкладваць свае стыпэндыі 2 гады, 3 месяцы і 10 дзён.
Што можна набыць замест iPhone X?
Найноўшы тэлефон ад Apple — гэта 3482 паездкі ў менскім мэтро (калі транспартныя тарыфы зноў не павялічацца). Калі траціць па 2 жэтоны на дзень, на грошы ад iPhone X вы зможаце езьдзіць пад зямлёй чатыры гады.
З улікам цяперашніх цэнаў, замест iPhone X можна набыць 3 тонны 297 кіляграмаў бульбы. Паводле Белстату, за год беларус зьядае 171 кіляграм гэтай гародніны. Адмовіўшыся ад «яблычнага» смартфону, можна забясьпечыць сябе бульбай на больш чым 19 гадоў.
Зь сёньняшнімі цэнамі замест новага айфону можна набыць 1782 літры бэнзіну. Згодна з дадзенымі Белстату, за год беларус выкарыстоўвае 80 літраў бэнзіну.
Калі разьлічваць, што бэнзін у Беларусі больш не падаражэе, што малаверагодна, гэтага запасу хопіць на больш чым 22 гады.