Гэта, відаць, быў ужо апошні разьдзел у гісторыі славутага брытанскага гурту «Pink Floyd». Гітарыст і вакаліст Дэйвід Гілмар у 2016 годзе, у рамках канцэртнага турнэ ў падтрымку свайго апошняга сольнага альбому «Rattle That Lock», даў два канцэрты ў колішнім рымскім амфітэатры ў Пампэях — 7 і 8 ліпеня 2016. Альбом «David Gilmour Live at Pompeii» з запісам гэтага канцэрту зьявіўся месяц таму на носьбітах CD, DVD, Blu-ray Disc. Падчас канцэрту Дэйвід Гілмар выканаў песьні са свайго апошняга альбому ды з рэпэртуару «Pink Floyd».
Вось загалоўная песьня з альбому «Rattle That Lock» з канцэрту ў Пампэях:
У 79 годзе нашай эры вывяржэньне Вэзувія разбурыла Пампэі. У рэклямных матэрыялах альбому «David Gilmour: Live at Pompeii» адмыслова падкрэсьлівалася, што канцэрт Дэйвіда Гілмара ў 2016 годзе — гэта наогул першы выступ перад публікай у адкапаным з вульканічнага попелу амфітэатры з часу той трагічнай падзеі. Зразумела, у 79 годзе перад тагачаснымі пампэянамі ў амфітэатры (разьлічаным на прыблізна 10–12 тысяч гледачоў) выступалі ня рокеры, а глядыятары.
Для Дэйвіда Гілмара гэта была ўжо другая нагода выступіць у амфітэатры ў Пампэях. У 1971 годзе ён выступіў там разам з калегамі зь «Pink Floyd» — Роджэрам Уотэрзам, Рыкам Райтам і Нікам Мэйсанам — але бяз публікі. Тады францускі рэжысэр Адрыен Мабэн намовіў гурт запісаць на кінастужку канцэрт без гледачоў якраз у гэтым амфітэатры. Фільм Мабэна «Pink Floyd: Live at Pompeii», як на мой густ, адзін з найлепшых музычных фільмаў усіх часоў. У фільм былі ўплеценыя кадры запісу гуртом свайго векапомнага альбому «Dark Side of the Moon», які зьявіўся ў 1973 годзе.
Канешне, гледачы канцэрту ў ліпені 2016 году чакалі выкананьня Гілмарам славутых гітоў «Pink Floyd» — і дачакаліся. На альбоме «David Gilmour: Live at Pompeii» мы маем знакамітае выкананьне такіх песень, як «Shine On You Crazy Diamond», «Wish You Were Here», «The Great Gig In the Sky», «Money», «Time», «Comfortably Numb».
А вось выкананьне песьні «One of These Days», якую «Pink Floyd» запісаў для альбому «Meddle» у 1971 годзе:
Пасьля выхаду ў сьвет альбому «Rattle That Lock» Гільмар прызнаўся, што ў яго засталіся недапрацаванымі некалькі песень, якія, хутчэй за ўсё, увойдуць у наступны альбом. То бок ягоная сольная кар’ера будзе працягвацца. Але, як мне здаецца, ужо без такіх настальгічна-сымбалічных прывязак да гісторыі гурту «Pink Floyd». Канцэрт Гілмара перад публікай у Пампэях (45 гадоў пасьля канцэрту бяз публікі), каб адзначыць сваё 70-годзьдзе і адначасова ўшанаваць памяць клявішніка Рыка Райта, які памёр у 2008 годзе — наймацнейшы акорд, якім можна было закончыць музычную эпоху пад назвай «Pink Floyd».