Памежныя пасты паміж Беларусьсю і Расеяй могуць зьявіцца на аўтастрадах і чыгунцы ўжо вясной 2018 году. Пра гэта заявіў сёньня намесьнік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Расеі Аляксандар Гаравы, паведамляе «Інтэрфакс».
Паводле расейскага боку, гэта зьвязана з чэмпіянатам сьвету па футболе, які пройдзе ў Расеі ў наступным годзе.
«Мы дастаткова жорстка будзем працаваць з траўня», — заявіў Гаравы ў ходзе пасяджэньня Савету Фэдэрацыі.
Магчымасьць зьяўленьня пастоў ён патлумачыў занепакоенасьцю расейскіх уладаў з нагоды адкрытасьці мяжы ва ўмовах, калі ўлады Беларусі дазволілі грамадзянам 80 краінаў сьвету прыяжджаць у сваю краіну бязь візы.
«Калі мы не ўніфікуем міграцыйнае заканадаўства і не пяройдзем на адзіную міграцыйную карту да сакавіка, урадам РФ папярэдне прапрацавана пытаньне аб увядзеньні часовых памежных пастоў як на аўтатрасе, так і на чыгунцы без прыпыненьня пасажырскіх цягнікоў», — сказаў Гаравы.
Першы намесьнік кіраўніка МУС падкрэсьліў, што ягонае ведамства турбуе таксама выкарыстаньне транзыту празь Беларусь людзьмі, якіх шукаюць расейскя праваахоўныя органы ў сувязі з падазронымі паездкамі ў Сырыю.
«Яны сёньня вяртаюцца ў Кіеў, едуць па дарозе, дзе таксама мяжа адкрытая, потым па Смаленскай трасе да нас», — сказаў Гаравы.
Беларускі бок не камэнтуе
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі карэспандэнта Свабоды перанакіравалі да калегаў з Міністэрства ўнутраных спраў, а там адказалі, што не гатовыя камэнтаваць згаданую інфармацыю.
У студзені 2017 году прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сваім указам дазволіў грамадзянам 80 краінаў свету ўяжджаць у краіну бязь візаў на тэрмін, ня большы за 5 сутак. У пачатку лютага Фэдэральная служба бясьпекі Расеі аднавіла на мяжы зь Беларусьсю памежную зону, скасаваную ў 1995 годзе пасля падпісаньня Дамовы аб дружбе, добрасуседзтве і супрацоўніцтве паміж Расеяй і Беларусьсю.