Менскія ўлады ўхвалілі праект па канчатковым пераводзе Менску на артэзіянскую ваду. Пра гэта Свабодзе сказаў дырэктар «Менскводаканалу» Алег Аўруцін.
Праект прадугледжвае, што цяперашнія водазаборы паўднёвай групы будуць перабурваць, каб павялічыць іх магчымасьці. Таксама будуць прабурваць новыя сьвідравіны. За кошт гэтага плянуецца цалкам забясьпечыць Менск артэзіянскай вадой.
Новы праект разьлічаны на мадэрнізацыю і цяперашніх водазабораў. Таксама будуць будавацца новыя станцыі абезжалезваньня і ачысткі, каб можна было апрацаваць новыя абʼёмы вады.
Але пакуль існуе праблема — ня вызначана, зь якіх сродкаў будзе фінансавацца рэалізацыя гэтага праекту.
Задача грамадзкасьці — дамагчыся фінансаваньня праекту
18 кастрычніка сябры Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў межах кампаніі «За чыстую ваду» сустрэліся з дырэктарам «Менскводаканалу» Алегам Аўруціным. Яны нагадалі чыноўніку, што за тое, каб перавесьці Менск цалкам на артэзіянскую ваду, былі сабраныя тысячы подпісаў. Аднак праца дагэтуль зь месца ня зрушылася.
«Менскводаканал» па даручэньні гарвыканкаму распрацоўваў праектна-каштарысную дакумэнтацыю, каб вызначыцца, па якой схеме будзе весьціся праца ў гэтым кірунку.
«Таму задача грамадзкасьці — аказваць ціск на гарвыканкам, каб у наступным годзе былі прынятыя і зацьверджаныя рашэньні адносна фінансаваньня гэтага праекту. Забясьпечыць Менск артэзіянскай вадой магчыма, і ўсё для гэтага ёсьць», — кажа кіраўнік БХД у Менску Дзяніс Садоўскі.
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.