У Кіеве апазыцыя выйшла пад сьцены Вярхоўнай Рады на акцыю «Усеўкраінскі збор» з патрабаваньнем «вялікай палітычнай рэформы».
На вуліцы Грушэўскага мітынгоўцы паспрабавалі пранесьці намёты да ўрадавага будынка, абыходзячы рамкі мэталашукальнікаў. Паліцыя ім перашкодзіла, пасьля чаго паміж пратэстоўцамі і сілавікамі адбылася бойка. Сілавікі ўжылі супраць тых, хто нападаў, сьлезацечны газ.
Паведамляецца, што траўмы атрымаў адзін мітынговец і адзін прадстаўнік праваахоўных органаў. Украінская служба Радыё Свабода вядзе прамую трансьляцыю з мітынгу.
Раней удзельнікі акцыі закідалі яйкамі дэпутата ад Блёку Пятра Парашэнкі.
У Кіеве і іншых гарадах Украіны сёньня праходзяць акцыі з патрабаваньнем скасаваць дэпутацкую недатыкальнасьць, зьмяніць выбарчае заканадаўства і стварыць антыкарупцыйны суд. Паводле зьвестак арганізатараў, у цэнтры Кіева сёньня сабраліся да дзесяці тысячаў чалавек.
Былы кіраўнік Адэскай вобласьці і экс-прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі на мітынгу ў Кіеве заклікаў прэзыдэнта Ўкраіны Пятро Парашэнку сысьці ў адстаўку.