Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сьмерці Коржыча ў частцы была яшчэ адна спроба суіцыду? Што цяпер адбываецца ў Печах


Вайсковая частка ў Печах
Вайсковая частка ў Печах

Свабода трапіла на тэрыторыю часткі, у якой служыў Аляксандр Коржыч, у дзень, калі салдатаў наведваюць родныя і сябры.

У нядзелю 15 кастрычніка курсантаў з барысаўскіх Печаў павінны былі адпусьціць у горад на сустрэчу з роднымі. Людзі прыехалі ў Барысаў з розных беларускіх гарадоў.

Вайсковая частка ў Печах
Вайсковая частка ў Печах

Аднак у апошні момант камандаваньне часткі вырашыла не выпускаць салдатаў за тэрыторыю. Сустрэча са сваякамі і сябрамі праходзіла пад наглядам афіцэраў у памяшканьні спартовай залі, куды адмыслова для гэтага прынесьлі сталы і лавы, а імёны ўсіх, хто прыехаў у Печы, перапісвалі ў сшытак. Ранейшыя сустрэчы вайскоўцаў з роднымі кантраляваліся значна менш.

«Адразу з палігона павезьлі ў Навінкі»

«Тут цяпер вельмі жорстка стала з дысцыплінай. Пасьля гэтага (сьмерці Аляксандра Коржыча — РС) усё зьмянілася, — расказвае адзін з салдатаў. — Амаль адразу ва ўсіх забралі тэлефоны. Нават ня ведаю, дзе яны цяпер. Мы ня маем пастаяннай сувязі з роднымі. Толькі па чутках ведаем, што вялікі скандал. Бачылі ў навінах па дзяржаўным тэлебачаньні сюжэт».

Вайсковая частка ў Печах
Вайсковая частка ў Печах

​Як расказалі карэспандэнту Свабоды саслужыўцы Аляксандра Коржыча, праз некалькі дзён пасьля сьмерці пінчаніна здарыўся яшчэ адзін інцыдэнт.

«Хлапец, які служыў разам з Коржычам і нават быў у адным зь ім танкавым экіпажы, таксама спрабаваў павесіцца. Прынамсі, гэта так выглядала, — расказваюць салдаты. — На палігоне ён адышоў убок пад дрэва, сплёў там зь нечага пятлю, закінуў яе на сук і пачаў гучна маліцца. Цыгарэты паліў адну за адной. Гэты хлопец дзіўнаваты быў адразу, але яны блізка стасаваліся з Коржычам (імя ёсьць у рэдакцыі Свабоды). Яго з палігону адразу ў Навінкі павезьлі па чутках. Ці ён так моцна перажываў сьмерць сябра, ці спрабаваў з часткі ўцячы такім спосабам, ці яшчэ нейкая прычына, мы ня ведаем».

«Нават ня ведаем дакладна, хто яшчэ служыць тут, а хто ўжо не»

Таксама салдаты распавядаюць, што сяржанты ў Печах пасьля 3 кастрычніка (меркаваны дзень сьмерці Коржыча) перасталі насіць лычкі на пагонах. Цяпер у бальніцу і зь яе салдатаў суправаджаюць афіцэры, а не сяржанты. Суразмоўца Свабоды гаворыць, што затрыманьні сяржантаў у Печах, хутчэй за ўсё, працягнуцца.

Вайсковая частка ў Печах
Вайсковая частка ў Печах

«Затрымаюць яшчэ іншых, я думаю. А што да тых, каго затрымалі раней, то С. (імя сяржанта ёсьць у рэдакцыі — РС) дарэмна. Ён ні ў чым зусім не замяшаны быў», — кажа суразмоўца.

У групе «Вконтакте», якая аб’ядноўвае вайскоўцаў з Печаў і іх родных, уначы з 14 на 15 кастрычніка зьявіліся паведамленьні пра масавыя затрыманьні сяржантаў у 307-ай школе. На месцы інфармацыю аб гэтым пацьвердзіць не ўдалося. «Здымаюць таксама камандзіраў. Кожны дзень некага новага. Мы нават ня ведаем дакладна, хто яшчэ служыць тут, а хто ўжо не», — кажуць вайскоўцы.

Вайсковая частка ў Печах
Вайсковая частка ў Печах

Акрамя больш жорсткага рэжыму, пастаянных праверак і шыхтаваньняў, у Печах заўважаная актыўнасьць Сьледчага камітэту. Побач з часткамі можна бачыць людзей у форме СК, расказваюць пра іх і салдаты.

«Ужо амаль усіх апыталі. Хто ведаў Коржыча, хто ня ведаў. Таксама нас усіх адразу ж праверылі на наяўнасьць сьлядоў ад пабояў. Распраналі і глядзелі, — гаворыць суразмоўцы РС. — Знайшлі ў некаторых дробныя пашкоджаньні, драпіны на целе. Ня ведаю, што далей было. А дапытваюць салдатаў даволі жорстка. Пагражаюць адказнасьцю, калі нехта будзе замоўчваць факты зьдзекаў, альбо вымагальніцтва».

Вайсковая частка ў Печах
Вайсковая частка ў Печах

Інфармацыі як пра хаду расьсьледаваньня, так і пра падрабязнасьці сьмерці Аляксандра Коржыча ў вайскоўцаў у Печах менш, чым у журналістаў — адбіваецца забарона на мабільныя тэлефоны і, адпаведна, доступ да інтэрнэту. Да паведамленьняў пра начныя забавы зь дзяўчатамі ў казармах, масавыя паборы і зьдзекі з навабранцаў суразмоўцы Свабоды паставіліся досыць скептычна. Кажуць, што гэта перабольшваньне:

«Не настолькі тут страшна, вядома. Магчыма, нешта і ёсьць. Але каб масава, то не. Магчыма, неяк індывідуальна на Коржыча нехта ціснуў».

Вайсковая частка ў Печах
Вайсковая частка ў Печах

3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фотаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG