Высьвятляюцца прычыны і ўмовы, якія спрыялі гібелі вайскоўца. Праверка носіць у тым ліку і прафіляктычны характар, але тычыцца менавіта канкрэтнага выпадку, сказалі ў генпракуратуры.
У праверцы ўдзельнічаюць прадстаўнікі генэральнай пракуратуры і пракуратуры Менскай вобласьці.
21-гадовы ўраджэнец Пінску Аляксандр Коржыч, прызваны на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены 3 кастрычніка павешаным ў падвальным памяшканьні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі. 5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі трагедыі сьледзтва назвала суіцыд.
10 кастрычніка сьледзтва паведаміла аб пачатку крымінальнай справы па ч. 3 арт. 443 КК (парушэньне статутных правілаў узаемаадносінаў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасьці адносінаў падпарадкаванасьці, якое пацягнула цяжкія наступствы).
12 кастрычніка міністэрства абароны выступіла з заявай, у якой паабяцала, што «у выпадку выяўленьня ва ўстаноўленым законам парадку асобаў, вінаватых у сьмерці вайскоўца, яны абавязкова будуць прыцягнуты да адказнасьці ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».