Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як БНФ перамог намэнклятуру ў юрыдычнай спрэчцы


Мітынг БНФ, Юрась Хадыка і Сяргей Папкоў, красавік 1992. Фота Ул. Сапагова
Мітынг БНФ, Юрась Хадыка і Сяргей Папкоў, красавік 1992. Фота Ул. Сапагова

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

Адразу пасьля рашэньня Сойму БНФ аб зборы подпісаў за рэфэрэндум і ўтварэньня Ініцыятыўнай групы як каардынатар (яшчэ не абраны старшынём) Уладзімер Анцулевіч сказаў карэспандэнту газэты «Навіны БНФ» Уладзімеру Панаду, што патрэбная колькасьць подпісаў будзе сабраная менш чым за два месяцы: «Мы мяркуем, што ў зборы подпісаў будуць удзельнічаць розныя партыі і палітычныя арганізацыі».

І сапраўды, ужо 4 студзеня ў 363-ім пакоі Дому ўраду, які быў замацаваны за Апазыцыяй БНФ, прайшла нарада дэпутатаў-фронтаўцаў з прадстаўнікамі пяці партый і рабочага руху. Лідэры чатырох партый падтрымалі ідэю рэфэрэндуму, але Сацыял-дэмакратычная грамада заняла асобную пазыцыю, заявіўшы, што рашэньне пра падтрымку ці непадтрымку рэфэрэндуму будзе разглядаць на пасяджэньні кіраўнічага органу (пазьней БСДГ вырашыла падтрымаць рэфэрэндум).

«Грамадоўцы» сапраўды займалі асобную пазыцыю па некаторых пытаньнях — напрыклад, на гэтай нарадзе было заяўлена, што партыя не зьяўляецца часткай БНФ. Гэта было праўдай, але праўдай было і тое, што члены цэнтральнага органу партыі ўваходзілі ў склад дэпутацкай Апазыцыі БНФ, а Алег Трусаў быў адным з двух намесьнікаў (разам з Уладзімерам Заблоцкім) старшыні апазыцыі.

Крыху пазьней «Грамада» заявіла пра стварэньне руху «Новая Беларусь», які меўся аб’яднаць дэмакратычныя партыі на больш памяркоўнай, чым у БНФ, плятформе. У чым палягала гэтая «памяркоўнасьць» — не было патлумачана, бо ў галоўных праграмных палажэньнях праграмы, напрыклад, БНФ і Грамады супадалі. Уголас гэта не вымаўлялася, але было зразумела: ініцыятары блёку «Новая Беларусь» жадалі дыстанцыявацца ад іміджу БНФ як «радыкалаў» (хоць самі цудоўна разумелі, што імідж гэты быў штучна створаны яшчэ камуністычнай прэсай). Тым часам як Васіль Быкаў, наадварот, заклікаў усе партыі і рухі не распыляць сілы і аб’яднацца вакол БНФ. Спроба стварэньня новага блёку выклікала дыскусію ў прэсе, але ўжо у канцы 1992-га блёк ня ўзгадвалі.

І ўсё ж, галоўным было тое, што нягледзячы на некаторыя разыходжаньні дэмакратычныя партыі падтрымалі ідэю рэфэрэндуму і ўключыліся ў кампанію збору подпісаў.

Але асноўны цяжар у гэтай справе лёг на актывістаў Народнага Фронту.

Менавіта кіраўніцтву БНФ давялося фармаваць Ініцыятыўную групу (далей я буду яе так і называць, поўны афіцыйны назоў — Ініцыятыўная група рэспубліканскага рэфэрэндуму №1).

Ужо 14 студзеня Ініцыятыўная група падала ў Цэнтральную камісію заяву за подпісам Уладзімера Анцулевіча. У ёй паведамлялася пра стварэньне групы і выказвалася просьба яе зарэгістраваць — у адпаведнасьці з артыкулам 10 Закону «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)».

Прыводзілася і фармулёўка прапанаванага на рэфэрэндум пытаньня: «Ці лічыце Вы неабходным датэрміновы роспуск Вярхоўнага Савету і правядзеньне ўвосень 1992 году выбараў у прафэсійны парлямэнт Рэспублікі Беларусь на падставе дэмакратычнага Закону аб выбарах, унесенага Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце?» (Пазьней фармулёўка будзе скарэктаваная, пра гэта ніжэй.)

У канцы заявы адзначалася, што «паколькі мэта рэфэрэндуму прадугледжвае ўвядзеньне ў дзеяньне ўнесенага Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце новага Закону аб выбарах, а згодна з артыкулам 11 Закону аб рэфэрэндуме грамадзяне падчас збору подпісаў павінны мець магчымасьць азнаямленьня з поўным тэкстам рашэньня, просім Вас забясьпечыць апублікаваньне ў дзяржаўным друку праекту гэтага закону да пачатку збору подпісаў».

Гэта было натуральнае і законнае патрабаваньне — але яно не было выканана. Ніводная дзяржаўная газэта (акрамя «Народнай газэты», органу Вярхоўнага Савету) наш законапраект не надрукавала.

Пасьведчаньне члена Ініцыятыўнай групы Сяргея Навумчыка
Пасьведчаньне члена Ініцыятыўнай групы Сяргея Навумчыка

13 лютага Цэнтральная камісія зарэгістравала Ініцыятыўную групу. Як і было вызначана законам — на працягу месяца пасьля падачы заяўкі. Не пазьней — але і не раней, дзень у дзень. Было зарэгістраванае і пытаньне, якое выносілася на рэфэрэндум, але камісія яго скарэктавала.

Нагадаю, што першапачаткова фармулёўка пытаньня гучала наступным чынам:

«Ці лічыце Вы неабходным датэрміновы роспуск Вярхоўнага Савету і правядзеньне ўвосень 1992 году выбараў у прафэсійны парлямэнт Рэспублікі Беларусь на падставе дэмакратычнага Закону аб выбарах, унесенага Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце?»

Цэнтральная выбарчая камісія са згоды Ініцыятыўнай групы скарэктавала фармулёўку пытаньня, цяпер яно гучала гэтак:

«Ці лічыце Вы неабходным правядзеньне ўвосень 1992 году выбараў у найвышэйшы орган дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь на падставе Закону «Аб выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь», праект якога ўнесены Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце, і ў сувязі з гэтым, датэрміновы роспуск цяперашняга Вярхоўнага Савету?»

У Ініцыятыўнай групе былі 28 дэпутатаў Вярхоўнага Савету, усе — члены Апазыцыі БНФ. Ніхто з так званага «Дэмакратычнага клюбу» да нас не далучыўся. Але гэта было зразумела.

Інстынкт самазахаваньня намэнклятуры ўражвае

Ужо ў першы дзень, калі паводле закону быў дазволены збор подпісаў, у Менску і ў іншых гарадах зьявіліся пікеты — зборшчыкі прапаноўвалі мінакам падтрымаць ідэю рэфэрэндуму. І хоць людзі ахвотна падпісваліся, выказвалі такое жаданьне, але кіраўніцтвам Ініцыятыўнай групы стаўка рабілася не на вулічны збор: закон патрабаваў пазначыць дадзеныя пашпарта, а ён быў пры сабе, канешне, ня ў кожнага.

Значна лепей подпісы зьбіраліся па кватэрах: у 1992 годзе ў Менску пад’езды не замыкаліся, людзі адчынялі дзьверы.

Асабліва ўгаворваць не даводзілася: усе наслухаліся трансьляцый сэсій Вярхоўнага Савету і разумелі вартасьць большасьці дэпутацкага корпусу.

Магчыма таму, што ўжо зь першых дзён збор подпісаў набраў дынамічны тэмп, кіруючы апарат адразу ўжыў розныя мэтады супраціву. Тым больш што Закон даваў ім для гэтага добрыя магчымасьці.

Увогуле, збор подпісаў за рэфэрэндум, дый уся кампанія яшчэ раз ўразілі здольнасьцю чынавенства клапаціцца пра свае карпаратыўныя інтарэсы, яго інстынктам самазахаваньня і прадбачлівасьцю ў стварэньні казуістычных прававых сытуацый.

У працэсе прыняцьця Закону аб рэфэрэндуме ў 1991-ым мы, канешне, імкнуліся зрабіць яго максымальна дэмакратычным, унесьці свае папраўкі, часам гэта ўдавалася, часьцей — не, бо парлямэнцкая большасьць простай перавагай галасоў блякавала нашыя прапановы. Але нікому не вядомымі, сьціплымі чыноўнікамі ці то з апарату Савету Міністраў, ці то з апарату Вярхоўнага Савету былі закладзеныя «мэханізмы запаволенага дзеяньня» ў выглядзе двух-трох словаў — але здольныя пусьціць пад адхон справу тысяч людзей. І нават — калі не спыніць хаду гісторыі, дык разьвярнуць краіну ў супрацьлеглы ад дэмакратыі бок — дакладна.

Некаторыя такія мэханізмы нам удалося вылічыць і выкрасьліць з закону яшчэ на этапе яго прыняцьця, але іншыя Вярхоўны Савет зацьвердзіў.

Закон аб рэфэрэндуме вельмі абцяжарваў працу Ініцыятыўнай групы, але некалькі палажэньняў былі асабліва адметныя і зрабіліся прадметам юрыдычных і палітычных дыскусій.

Іх было чатыры, пералічу ў той пасьлядоўнасьці, у якой зь імі нам давялося сутыкнуцца.

Першае — пытаньне рэфэрэндуму, на які трэба даць адназначны адказ — «так» або «не». Апанэнты заяўлялі, што ў пытаньні, прапанаваным БНФ, утрымліваецца некалькі пытаньняў, і таму на іх немагчыма даць адназначны адказ.

Другое — неабходнасьць заверыць кожны падпісны ліст старшынём і членам Ініцыятыўнай групы, які зьбіраў подпісы. Праціўнікі рэфэрэндуму сьцьвярджалі, што «завераны» — гэта азначае «уласнаручна падпісаны».

Трэцяе — подпіс старшыні Ініцыятыўнай групы мусіў быць завераны пячаткай мясцовага выканкаму. У некаторых выканкамах адмаўляліся ставіць пячатку.

І, нарэшце, чацьвёртае: у выпадку наяўнасьці патрэбнай колькасьці подпісаў, Вярхоўны Савет мусіў прызначыць дату рэфэрэндуму на чарговай сэсіі Вярхоўнага Савету. Закрыўшы вясновую сэсію, Шушкевіч сьцьвярджаў, што чарговая сэсія можа сабрацца толькі ўвосень — бо калі яе прызначыць празь некалькі тыдняў або месяцаў пасьля папярэдняй, яна будзе лічыцца «нечарговай» альбо «надзвычайнай».

Некаторыя з штучна створаных цяжкасьцяў (гэтых самых «мэханізмаў запаволенага дзеяньня») нам удалося пераадолець, іншыя адыгралі фатальную ролю — адыгралі не самі па сабе, а з актыўным удзелам тых, хто не жадаў пакідаць свае дэпутацкія і чынавенскія крэслы.

Факсыміле як палітычная праблема

У тыя некалькі тыдняў, калі ішоў збор подпісаў, самым, напэўна, часьцей ужываным словам у кіраўніцтва Ініцыятыўнай групы — зразумела, пасьля слова «рэфэрэндум» — было «факсыміле».

Паводле закону, старшыня Ініцыятыўнай групы мусіў заверыць кожны падпісны ліст. Зразумела, што расьпісацца больш за сотню тысяч разоў было вельмі праблематычна.

Але ў законе не было сказана —«расьпісацца». А заверыць можна па-рознаму, і мы абралі факсыміле.

Праціўнікі рэфэрэндуму заявілі, што падпісныя лісты нельга прызнаваць сапраўднымі, паколькі на іх стаіць не ўласнаручны подпіс кіраўніка Ініцыятыўнай групы, а факсыміле ягонага подпісу.

Пра гэта казалі і некаторыя члены Цэнтральнай выбарчай камісіі і кіраўнікі выканкамаў, якія адмаўляліся ставіць пячаткі на падпісныя лісты.

І тут пачалося змаганьне з чынавенствам зброяй, якую яно само і абрала — юрыдычнай казуістыкай.

20 сакавіка Цэнтральная камісія прыняла адмысловую пастанову, якая забараняла засьведчваць подпіс, выкананы факсымільным спосабам.

Чыноўнікі стваралі пэўную юрыдычную калізію, якую, аднак, Ініцыятыўнай групе ўдалося пераадолець — скарыстаўшы закон больш дасканала, чым зрабілі гэта чыноўнікі і Цэнтральная камісія. Я б нават сказаў — віртуозна.

Але спачатку — пра ўласна факсыміле.

Факсыміле — гэта пячатка, якая дакладна паўтарае подпіс.

Ёсьць некалькі спосабаў капіяваньня подпісу. Гэта можа быць зроблена паліграфічным спосабам. Менавіта так у СССР рабілі на «ордэнскіх кніжках», дзе быў подпіс сакратара Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, а пазьней — старшыні Прэзыдыюму. У часы «позьняга» Брэжнева ягоны подпіс як старшыні Прэзыдыюму ВС СССР паліграфічна друкаваўся на большасьці граматаў, якія прыкладаліся да залатых зорак Герояў Савецкага Саюзу і Сацыялістычнай працы, а таксама мэдалёў «Маці-гераіня». Падобным спосабам у некаторых краінах зьмяшчаюцца на грашовых купюрах подпісы кіраўнікоў нацыянальных банкаў. Існуе так званы «аўтапэн» — мэханізм, які пяром або флямастэрам выводзіць подпіс — яго выкарыстоўвалі найбольш папулярныя амэрыканскія астранаўты, каб праставіць подпіс на фатаздымках для калекцыянэраў, часта выкарыстоўваюць канцылярыі кіраўнікоў дзяржаваў — для падпісаньня вялікай колькасьці лістоў або тых самых фатаздымкаў. Напрыклад, у 1994 годзе я атрымаў ліст падзякі ад амэрыканскага прэзыдэнта Біла Клінтана за дапамогу ў арганізацыі ягонага візыту ў Менск — подпіс быў не ўласнаручны, а выкананы аўтапэнам (дарэчы, дата на лісьце была — 25 сакавіка, як мне патлумачыў амбасадар Дэвід Сўорц — невыпадкова). Выкананы аўтапэнам подпіс складана адрозьніць ад арыгінальнага, добры спосаб — параўнаць з аналягічным: яны супадуць ідэальна, пры тым што ніхто ня можа паставіць свой подпіс абсалютна аднолькава.

Факсыміле — напэўна, самы стары мэтад капіяваньня подпісу. Дэпутаты-камуністы, якія выступалі супраць рэфэрэндуму і сьцьвярджалі, што факсыміле — гэта ня подпіс (а значыць, ня мае юрыдычнай сілы), цудоўна ведалі сілу факсыміле.

Менавіта факсыміле сакратароў ЦК КПБ і сакратароў абкамаў выкарыстоўвалася на дакумэнтах, якія рассылаліся ў райкамы (у буйных гарадах, падзеленых на раёны, факсыміле мелі і сакратары гаркамаў). Факсыміле прастаўляліся на рашэньнях старшыні Савету міністраў і міністраў, якія рассылаліся ў аблвыканкамы, абласныя ўпраўленьні і галіновыя прадпрыемствы.

Некалькі дэпутатаў са складу нашага Вярхоўнага Савету зь ліку вышэйшай камуністычнай намэнклятуры маглі прыгадаць, што бачылі факсыміле генэральных сакратароў ЦК КПСС — арыгінальныя подпісы генсэкаў практычна не выходзілі са Старой плошчы ў рэспублікі і вобласьці.

У выпадку невыкананьня распараджэньня, заверанага такім спосабам, ад генсэка да сакратара гаркаму, кіраўніка чакалі непрыемнасьці рознай ступені цяжкасьці, аж да зьняцьця з пасады.

Гэта — у часы, на якія прыпаў кар’ерны росквіт большасьці дэпутатаў зь ліку намэнклятуры.

У гады ранейшыя, якія памяталі дэпутаты ад вэтэранскай арганізацыі, за невыкананьне пасылалі ў ГУЛАГ альбо ў Курапаты.

З 1930-ых гадоў Сталін даў права ставіць факсыміле свайго подпісу некалькім набліжаным асобам, у тым ліку і Бэрыі. Гэтая пачатка вырашала лёсы сотняў тысяч людзей, а часам і народаў — так, на распараджэньні аб высылцы калмыкаў стаіць факсыміле Сталіна.

У момант, калі я пішу гэтыя радкі, грамадзянскае заканадаўства абсалютнай большасьці краінаў прызнае факсыміле аналягам уласнаручнага подпісу. Але ў 1992 годзе не было заканадаўча вызначана, на дакумэнты якога кшталту можна ставіць факсыміле, а на якія — не. А гэта значыць, што дзейнічаў прынцып — тое, што не забаронена законам — тое дазволена.

Ініцыятыўная група зьвярнула ўвагу нашых апанэнтаў на частку 3 артыкулу 11 Закону аб рэфэрэндуме, дзе было сказана: «Кожны падпісны ліст павінен быць завераны старшынём і членам Ініцыятыўнай групы, які ажыцьцяўляе збор подпісаў, якія нясуць адказнасьць за праўдзівасьць дадзеных, што ў іх зьмяшчаюцца».

Пазьней у адмысловым адкрытым лісьце Анцулевіч і Пазьняк зьвярталі ўвагу на тое, што ў працытаваным вышэй палажэньні думка заканадаўцы выяўленая цалкам. «Старшыня і член Ініцыятыўнай групы ўскладаюць на сябе адказнасьць, завяраючы падпісныя лісты, — пісалі яны. — Але Закон не рэглямэнтуе, якім спосабам гэта рабіць! Гэта дае права выкарыстоўваць любы зручны нам спосаб — ці подпіс, ці пячатку, ці адбітак пальца, ці, нават, магнітнае кадзіраваньне. Галоўнае — каб было магчыма па гэтым завяраючым знаку ідэнтыфікаваць чалавека, якому ён належыць. Таму члены Ініцыятыўнай групы завяралі лісты асабістым подпісам, а Старшыня, якому неабходна было заверыць звыш 126 тысяч подпісаў — подпісам, выкананым факсымільным спосабам».

Але ў праціўнікаў рэфэрэндуму ўзьнікла яшчэ адно пярэчаньне. У Законе было сказана, што «завяральныя подпісы Старшыні і члена Ініцыятыўнай групы засьведчваюцца пячаткай выканаўчага і распарадчага органу» мясцовага Савету.

І ў выканкамах пачалі адмаўляцца завяраць пячаткай падпісныя лісты, патрабуючы, зноў жа, арыгінал подпісу на іх старшыні Ініцыятыўнай групы.

Пасьля нашых перамоваў з членамі Цэнтральнай камісіі камісія выдала пастанову, якая патлумачыла выканкамам, што пячаткай выканкаму засьведчваецца завяральны подпіс Старшыні Ініцыятыўнай групы, а не факсыміле ягонага подпісу.

Іншымі словамі — факсыміле пячаткі не патрабавала. Патрабаваў пячаткі толькі завяральны подпіс.

У спрэчцы з гэтай юрыдычнай казуістыкай нам удалося атрымаць перамогу — фактычна, Цэнтральная камісія патрапіла ў створаную ёй самой юрыдычную пастку.

Анцулевіч і Пазьняк нагадалі, што ў сваёй пастанове Цэнтральная камісія патлумачыла, што закону «не супярэчыць разьдзельнае засьведчаньне подпісаў старшыні і члена Ініцыятыўнай групы».

«Мы вельмі ўдзячныя Камісіі за своечасовасьць гэтага растлумачэньня, — пісалі Анцулевіч і Пазьняк пасьля таго, як подпісы былі сабраныя і здадзеныя. — У адпаведнасьці зь ім мы перадалі ў Камісію разам з Заключным актам і падпіснымі лістамі дакумэнт, які называецца «Завяральны подпіс», у якім Старшыня паведаміў «усім службовым асобам і іншым грамадзянам, што кожны падпісны ліст... зь ліку тых, якія перададзеныя ў Цэнтральную камісію па рэфэрэндуме Рэспублікі Беларусь разам з Заключным актам 13 красавіка 1992 году, завераны мною асабіста подпісам, выкананым факсымільным спосабам». У дакумэнце маецца ўзор гэтага подпісу, а таксама ўласнаручны подпіс Старшыні, які ў адпаведнасьці з Законам засьведчаны пячаткай Першамайскага гарвыканкаму гораду Менску».

Гэта азначала, што фактычна Анцулевічу ў межах працэдуры збору подпісаў трэба было расьпісацца толькі адзін раз — на тым самым лісьце, дзе быў узор ягонага факсыміле (калі не лічыць падпісаньня заявы ў Цэнтральную выбарчую камісію і Заключнага акту па выніках збору подпісаў).

Убачыўшы, што на юрыдычнай казуістыцы фронтаўцаў не правядзеш, улада ўзмацніла прапагандысцкую кампанію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG