У Менску ад сардэчнага прыступу памёр бацька палітвязьня Ільлі Валавіка.
Ігару Ўладзімеравічу Валавіку было 55 гадоў.
«Раптам спынілася сэрца. Ён вайсковы пэнсіянэр, быў дома, не пазваніў мне ў абед, як звычайна. Я прыйшла, а ён ужо памёр, — кажа жонка нябожчыка Раіса Валавік. — Сын ужо ведае, далі права на званок дамоў, вельмі моцна плакаў, казаў мне, каб трымалася, бо абяцала дачакацца яго, як выйдзе».
Футбольны фанат, актывіст антыфашысцкага руху Ільля Валавік летась быў асуджаны на 10 гадоў паводле абвінавачаньня ў асабліва злосным хуліганстве і цяпер адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі. Сваёй віны Ільля Валавік не прызнаў і працягвае змагацца за адмену прысуду. Летась, калі Ільля Валавік ужо быў пад сьледзтвам, у яго нарадзілася дачка. Беларускія праваабаронцы лічаць Ільлю Валавіка палітвязьнем.
Падчас мітынгу 8 верасьня на Кастрычніцкай плошчы імя Ільля Валавіка гучала ў сьпісе палітвязьняў, вызваленьня якіх трэба дамагаецца ад уладаў.
Бацька Ільлі Валавіка — Ігар Валавік да выхаду на пэнсію служыў у Генэральным штабе беларускага войска.
Пахаваюць Ігара Валавіка 5 кастрычніка на могілках у вёсцы Каралёў Стан пад Менскам. Разьвітаньне адбудзецца з 10 да 11 гадзіны ў рытуальнай залі на Далгінаўскім тракце.