Дасьледаваньне грунтавалася на дадзеных, атрыманых ва Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, World Factbook ЦРУ і Ўсясьветнай асацыяцыі лёгкіх. Кожная краіна ацэньвалася паводле трох фактараў:
- Спажываньне алькаголю на чалавека за год;
- Спажываньне тытуню на чалавека за год;
- Распаўсюджанасьць атлусьценьня сярод насельніцтва.
Пасьля зьвесткі пра кожную краіну былі ўсярэдненыя для вызначэньня таго, якая група насельніцтва найбольш шкодзіць свайму здароўю праз шкодныя звычкі.
Чэхія вызначаная як самая нездаровая краіна ў сьвеце. Яе грамадзяне спажываюць 13,7 літра чыстага алькаголю штогод. Краіна таксама заняла 11-е месца па колькасьці выкураных цыгарэт, нягледзячы на тое, што ў Чэхіі адны з самых строгіх законаў аб куплі і спажываньні тытуню ў Эўразьвязе.
Усходняя Эўропа — самы нездаровы рэгіён
Як адзначаецца ў дасьледаваньні, Усходняя Эўропа стала самым нездаровым рэгіёнам у сьвеце. Беларусь у рэйтынгу «Топ самых нездаровых краінаў» займае чацьвёртае месца пасьля Чэхіі, Расеі (другое месца) і Славеніі (трэцяе месца), далей у першай дзясятцы ідуць Славакія, Вэнгрыя, Харватыя, Польшча, Люксэмбург і Літва разам з ЗША, якія падзялілі 10-е месца топу.
Злучаныя Штаты апынуліся адзінай неэўрапейскай краінай, якая трапіла ў першую дзясятку рэйтынгу праз тое, што там выяўлены адзін з самых высокіх паказьнікаў атлусьценьня ў сьвеце. 35% дарослага насельніцтва ЗША маюць небясьпечна лішнюю вагу.
Цікава, што Акіянія згодна з даследаваньнем была названая рэгіёнам сьвету з найбольшым узроўнем атлусьценьня, невялікія ціхаакіянскія астравы кантынэнту зьяўляюцца домам для некаторых з самых тлустых папуляцыяў на плянэце. Першае месца ў распаўсюджанасьці атлусьценьня займае Самоа з ашаламляльнымі 41,6% насельніцтва краіны, якія маюць індэкс масы цела, большы за 30 (пры норме 18,5–24,9).
Самыя здаровыя — афганцы
Самымі здаровымі аказаліся жыхары Аўганістану. Там зафіксаваны другі зьнізу рэйтынгу ўзровень атлусьценьня ў сьвеце. Краіна таксама прадэманстравала нізкі ўзровень курэньня — усяго 83 цыгарэты на чалавека за год. Жыхары Аўганістану таксама выпілі «адну з найменшых колькасьцяў алькаголю ў сьвеце» праз забарону краіны на продаж і спажываньне сьпіртовых напояў.
Таксама нядрэнна паказалі сябе афрыканскія краіны. «Топ-10 найменш хворых краінаў» згодна з дасьледаваньнем выглядае наступным чынам: Аўганістан, Гвінэя, Нігер, Нэпал, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Эрытрэя, Малаві, Самалі, Мазамбік, Этыёпія.