Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ем грыбы, а ня мяса». Гомельскіх грыбнікоў не палохае Чарнобыль


Нягледзячы на радыяцыю, на ўсіх дзесяці рынках Гомлю прадаюць вялізную колькасьць грыбоў — баравікі, падбярозавікі, масьляты. На любы густ.

Напрыклад, на Давыдаўскім рынку ў доўгім гандлёвым шэрагу грыбы прапануюць паўдзясятка жанчын.

«Мы ж больш увішныя, лягчэйшыя на падʼём, — кажа акуратна апранутая гаспадыня крамяных баравікоў, раскладзеных купкамі на сурвэтках. — Дык чаму не зарабіць, калі ў лесе поўна грыбоў?».

Баравікі ў жанчыны правераныя ў недалёкай ад рынку радыялягічнай лябараторыі. Цэзію ў іх — 58 бэкерэляў на кіляграм. На стронцый грыбы не правяраюць. Лічыцца, што найбольш рухомы ў зямлі менавіта цэзій — ён пераходзіць ва ўсё тое, што расьце на зямлі, і складае асноўную небясьпеку для чалавека ў біялягічным ланцужку.

Праз колькі крокаў грыбы рознага калібру прапануе кабета сталага веку: меншая кучка — 5 рублёў, большая — 7. Радыяцыйнага цэзію ў іх, даводзіць кабета, меней за «норму» ўтрая, маючы на ўвазе верхні дапушчальны ўзровень утрыманьня радыянуклідаў у сьвежых грыбах — 185 бэкерэляў на кіляграм.

Інтэлігентнага выгляду гараджанка купляе баравікі і дзеліцца сваімі гастранамічнымі звычкамі:

«Ем грыбы, а ня мяса. Ад мяса халестэрын і ўсё такое...»

«У грыбах жа радыяцыя», — пярэчаць ёй.

«А дзе яе няма?» — заўважае жанчына, падахвочваючы тым самым і зьбіральніцу грыбоў — яе занятак людзі падтрымліваюць і рублём, і словам.

На Цэнтральным рынку пэнсіянэр Рыгор прапануе грыбы скрынямі: баравікі — 15 рублёў за кіляграм, масьляты — 5.

«Ведаю мясьціны, таму заўсёды з ураджаем. Грыбы ў мяне як сродак дывэрсыфікацыі маёй пэнсійнай дзейнасьці. Летам прадаю зеляніну, гародніну, а ў грыбны сэзон — во, бачыш! — баравікі ды масьлюкі», — расказвае грыбнік.

Шукаць грыбы ў лесе мужчыну прымушае жыцьцё: знайсьці, прадаць, каб мець хоць нейкую капейку на дадатак да пэнсіі.

«Я ўсё жыцьцё, — кажа Рыгор, — працаваў на прадпрыемствах кіраўніком службаў інфармацыйных тэхналёгіяў — на „Гомельдрэве“, у нафтавікоў. А жонка мая — шараговым інжынэрам. Калі мне прызначалі пэнсію і вывелі лічбу, я доўга сьмяяўся: у мяне атрымалася толькі на дзесяць рублёў больш, чымся ў жонкі. Цяпер вось зьбіраю грыбы, каб падтрымаць сямейны бюджэт. Гэтак і кожны іншы грыбнік».

Свае грыбы аматар «ціхага паляваньня» нахвальвае:

«Чысьцейшых тут ні ў кога няма — 37 бэкерэляў па цэзію. У дзіцячым малацэ столькі радыяцыі дапускаецца. А тут — грыбы. Па сакрэце скажу, што зьбіраю я іх на поўдзень ад гораду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG