Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект АЭС ня ўзгоднены ані зь беларускім, ані зь літоўскім грамадзтвам, чым парушае Оргускую канвэнцыю


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Краіны-ўдзельніцы Оргускай канвэнцыі на сустрэчы ў Чарнагорыі прызналі: пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Астраўцы Беларусь парушыла права грамадзтва атрымліваць інфармацыю і ўдзельнічаць у прыняцьці рашэньняў у пытаньнях аховы навакольнага асяродзьдзя. А менавіта гэтае права і гарантуе Оргуская канвэнцыя, паведамляе інфармацыйна-аналітычны партал DELFI.

Адзначана, што беларускае грамадзтва не магло эфэктыўна ўдзельнічаць у прыняцьці рашэньняў наконт БелАЭС, бо дзяржава ня выпрацавала выразнага парадку гэтага працэсу. Таксама згадваецца, што беларускія ўлады незаконна перасьледавалі і каралі актывістаў у галіне аховы прыроды, якія выказваліся супраць пабудовы атамнай станцыі ў Астраўцы.

«Ані беларускаму, ані літоўскаму грамадзтву не было дазволена ўдзельнічаць у вырашэньні пытаньня АЭС у Беларусі, таму гэты праект разьвіваецца бяз згоды грамадзтва. Відавочна, што ўлады Беларусі не атрымалі мандату грамадзтва на будаўніцтва БелАЭС», — заявіў міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

Невыкананьне Беларусьсю міжнародных абавязаньняў Оргускай канвэнцыі канстатуецца ўжо трэці раз.

Оргуская канвэнцыя — гэта міжнародная дамова, якая абʼядноўвае экалягічныя і агульныя правы чалавека. Яна дае грамадзянам шырокія правы і ўскладае на дзяржаўныя органы пэўныя абавязкі для забесьпячэньня доступу да экалягічнай інфармацыі і ўдзелу грамадзкасьці ў прыняцьці значных рашэньняў.

Канвэнцыя забясьпечвае таксама і доступ да правасудзьдзя. Гэтыя палажэньні складаюць так званыя тры пастуляты Оргускай канвэнцыі. У Беларусі канвэнцыя ўступіла ў сілу 30 кастрычніка 2001 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG