Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Захад-2017»: у Глыбокім камэнданцкі час, увечары жыхары чулі стрэлы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як паведаміў карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў, «гэта мерапрыемства вучэбнага пляну, без рэальнага пашырэньня на Глыбоцкі раён».

«Пытаньні адпрацоўваюцца ўмоўна. Людзі сьмела могуць выходзіць без дакумэнтаў уначы і гэтак далей. Пытаньні адпрацоўваюцца ў вучэбным пляне. Ніякіх праблем для мясцовых грамадзянаў няма і быць ня можа».

Глыбачанін Уладзімер Скрабатун распавёў карэспандэнту Свабоды, што на дарогах выстаўленыя блёк-пасты і ўвечары чулася страляніна.

«Мы езьдзілі ў грыбы, на ўсіх выездах з Глыбокага стаяць блёк-пасты, шлягбаўмы. Крамы працуюць да 22 гадзін, хадзіць тут асабліва няма куды. Ну і ў розных кутках Глыбокага ўвечары чуваць стрэлы, ня ведаю, што там робіцца. Людзі пытаюцца, а што гэта робіцца?»

Учора Глыбоцкі райвыканкам паведаміў, што ў сувязі з правядзеньнем на тэрыторыі Глыбоцкага раёну вучэньняў тэрытарыяльнай абароны і ў рамках стратэгічных вучэньняў узброеных сілаў Беларусі і Расеі «Захад-2017» у горадзе Глыбокім з 14 да 20 верасьня 2017 году з 22:00 да 6:00 уводзіцца камэнданцкі час.

У адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ваенным становішчы» падчас камэнданцкага часу забараняецца знаходзіцца (безь неабходнасьці) па-за жытлом, перамяшчацца паміж паселішчамі без дакумэнтаў, якія сьведчаць або пацьвярджаюць асобу.

Пра парушальнікаў камэнданцкага часу ў Глыбоцкім райвыканкаме нічога не паведамілі. Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы Людміла Карніловіч сказала:

«Нічога не магу паведаміць, бо ня маю права. Бо гэта вучэньні. Як людзі паставіліся, не магу сказаць, такой інфармацыі таксама няма».

Наконт парушэньняў камэнданцкага часу ў Глыбоцкім РАУС сказалі, што такой інфармацыі не даюць.

Паводле Міністэрства абароны, у першы дзень вучэньняў у Глыбоцкім раёне адпрацоўваліся задачы тэрытарыяльнай абароны, у тым ліку ў ахове і абароне важных аб’ектаў, барацьбе з дывэрсійна-выведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі.

***

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытаваныя 280 журналістаў, запрошаныя 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і дзяржаваў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG