Пра гэта заявіў Яраслаў Раманчук падчас прэзэнтацыі альтэрнатыўнага праекту прэзыдэнцкаму дэкрэту № 3.
- Першы рэжым — адрасная грашова-сацыяльная падтрымка на падставе прыбытку, які маюць канкрэтныя людзі.
- Другі рэжым — фінансаваньне пачатковай і сярэдняй адукацыі праз адукацыйныя ваўчары, то бок прынцып «бюджэтныя грошы ідуць за вучнем». Гэта інавацыйны падыход да фінансаваньня, ён прадугледжвае вялікую свабоду выбару бацькамі і вучнямі, а таксама школам пры вызначэньні фармату аказаньня адукацыйных паслуг.
- І трэці рэжым — увядзеньне інстытуту індывідуальнага мэдыцынскага страхаваньня праз адкрыцьцё кожнаму грамадзяніну страхавога мэдыцынскага назапашвальнага фонду. Дзяржава і грамадзянін робяць салідарнае фінансаваньне мэдыцынскага страхаваньня ва ўмовах адкрытай канкурэнцыі мэдустаноў.
Паводле Раманчука, альтэрнатыва ўяўляе сабой комплексную пакетную прапанову зьмены заканадаўства.
12 верасьня альтэрнатыўны прэзыдэнцкаму дэкрэту № 3 праект правацэнтрыстаў будзе перададзены ў прэзыдэнцкую адміністрацыю і ва ўрад, паведаміла дэпутатка Ганна Канапацкая. Яна спадзяецца атрымаць аргумэнтаваны адказ:
«Мы ў лісьце да гэтых дакумэнтаў пішам, што чакаем матываванага адказу, на што ўлады гатовыя пайсьці, а што для іх цалкам непрымальна. Я перакананая, што апазыцыя больш не зьяўляецца раздражняльным элемэнтам ня толькі для грамадзтва, але і для ўладаў таксама. Таму я гатовая стаць злучальным зьвяном апазыцыі і ўладаў».
На пытаньне Свабоды, чаму на прэсавую канфэрэнцыю, якую наладазіла дэпутатка ў Палаце прадстаўнікоў, не прыйшоў ніхто зь яе калегаў-дэпутатаў з эканамічнай камісіі, спадарыня Канапацкая адказала так:
«Наша камісія маленькая. Цяпер усе ў адпачынку. Гэта адно. А другое — у мяне зь імі прынцыповае разыходжаньне. Я лічу, што дэкрэт № 3 неабходна абавязкова адмяніць. А яны лічаць, што ён пасьля дапрацоўкі мае права на жыцьцё».
У прэзэнтацыі альтэрнатывы дэкрэту №3 у гатэлі «Манастырскі» ўзялі ўдзел дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая разам зь лідэрамі правацэнтрысцкай кааліцыі Юрасём Губарэвічам, Анатолем Лябедзькам і Віталём Рымашэўскім. Яны выступілі перад журналістамі і прадстаўнікамі дыпляматычных місіяў розных краінаў.
Дэпутатка Ганна Канапацкая патлумачыла, што прэс-канфэрэнцыя з усімі ўдзельнікамі не адбылася ў Палаце прадстаўнікоў, бо ў краіне «адсутнічае рэальны парлямэнтарызм». Яна заявіла, што апазыцыя гатовая да дыялёгу з уладай і, у адрозьненьне ад улады, «свае праекты выносіць на грамадзкае абмеркаваньне».