Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч заклікаў 8 верасьня, у Дзень беларускай вайсковай славы, узяць удзел у акцыі папярэджаньня на Кастрычніцкай плошчы Менску і прыняць прысягу на вернасьць Айчыне. Арганізатары акцыі кажуць пра пагрозу ад беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017», якія пройдуць з 14 па 20 верасьня.
А 19-й гадзіне некалькі соцень чалавек сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, дзе была прынятая рэзалюцыя супраць агрэсіўнай палітыкі Расеі. Пасьля калёна рушыла да мэмарыялу Перамогі, там актывісты ўсклалі кветкі да вечнага агню. Скончылася дзея на Плошчы Якуба Коласа каля помніка партызанам — калектыўнай прысягай на вернасьць Беларусі.
Мікола Статкевіч заклікаў сваіх прыхільнікаў зноў сабрацца 20 кастрычніка на «Марш абураных беларусаў 2.0».
Перад пачаткам акцыі Мікола Статкевіч у інтэрвію Свабодзе выказаў спадзяваньне, што акцыя пройдзе годна, бо інакш Беларусь рызыкуе стаць на шлях невяртаньня:
«Калі здарыцца акупацыя, то незалежна ад волі Лукашэнкі. Ніхто пытацца ў яго ня будзе. Цяпер усё залежыць ад унутраных расейскіх разьлікаў. Там іншая лёгіка, якую цяжка зразумець стратэгам. Нават калі такая імавернасьць складае 5%, гэта ўжо істотна для такога ўзроўню небясьпекі. Таму лепш папярэдзіць навалу, чым расхлёбваць крывавыя наступствы».
А палове на сёмую Мікола Статкевіч бесьперашкодна дабраўся да Кастрычніцкай плошчы — адрозна ад аналягічнага збору 3 ліпеня, супрацоўнікі ДАІ машыну з палітыкам не затрымлівалі.
Палітычны актывіст Яўген Афнагель у камэнтары для Свабоды сказаў, што прыйшоў на плошчу, каб выступіць супраць прысутнасьці чужых войскаў на беларускай зямлі: «Сёньня беларусам важна паказаць, што яны гатовыя абараняць сваю краіну. Пакуль што мірнымі акцыямі, але калі спатрэбіцца, то і іншым чынам».
18:45 Сярод удзельнікаў зьявіўся палітык і паэт Уладзімер Някляеў. Ён датэрмінова спыніў сваю паездку ў Кракаў і вярнуўся ў Менск. «Гэта сёньня важней», — сказаў ён. Спадар Някляеў патлумачыў, якая асноўная мэта акцыі:
«Бачачы, як ганарова маршыруюць расейскія вайсковыя часткі па нашай зямлі, нам нічога не застаецца, як паказаць, што ёсьць каму гэтую зямлю бараніць. Дарэчы, уладзе такія пратэставыя акцыі патрэбныя ня меней, чым грамадзянам, бо ў выпадку чаго горш будзе ім. І Дзень беларускай вайсковай славы як нельга лепей адпавядае нашай агульнай мэце».
18:55 Удзельнікаў акцыі становіцца ўсё больш. Некаторыя прыносяць плякаты, якімі сустракалі «расейскіх вызваліцеляў» ва Ўсходняй Эўропе паўстагодзьдзя таму. Напрыклад, «Русский солдат, иди домой. Водки здесь нет!». Таксама людзі трымаюць расьцяжкі, ляйтматывам якіх лёзунг «За мірную Беларусь».
Апытаныя карэспандэнтамі Свабоды мінакі сыходзяцца на думцы, што пагроза для сувэрэнітэту краіны ў зьвязку з сумеснымі вучэньнямі зусім не перабольшаная. Бо мала што казала пра пагрозу для тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а цяпер на фактычна акупаваных тэрыторыях гаспадараць чужынцы. Моўчкі чакаць такога лёсу для Беларусі — як мінімум непатрыятычна.
19:05 Далучыліся лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. Над плошчай лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, многія актывісты трымаюць іх на плячах. Самаробныя плякаты адсылаюць да падзеяў 1514 году: «Нашы продкі ведалі, што рабіць. А мы ведаем?»
19:15 Дэмакратычны актывіст Павал Юхневіч прыйшоў разам з маленькай дачушкай Евай, яна сядзела на плячах у бацькі і трымала маленькі нацыянальны сьцяжок. Павал сказаў, што па дарозе расказаў ёй, якое сёньня вялікае сьвята. Што да вайсковых манэўраў, то ён перакананы, што гэта нікому не патрэбнае бразганьне састарэлай зброяй і псаваньне стасункаў з суседзямі. Бо ўвесь нэгатыўны пасыл з Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы ідзе супраць Беларусі, якая пагадзілася прыняць расейскі кантынгент.
Тым часам на Кастрычніцкай плошчы разгарнулі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг.
19:25 З прыступак Палаца прафсаюзаў да прысутных зьвярнуўся Ўладзімер Някляеў. Сустаршыня БНК павіншаваў суайчыньнікаў з Днём беларускай вайсковай славы і прывёў у прыклад подзьвіг 500-гадовай даўнасьці, які павінен стаць прыкладам для сёньняшняга пакаленьня беларусаў.
Яго падтрымаў Мікола Статкевіч, які заклікаў неабыякавых патрыётаў быць гатовымі бараніць сваю зямлю, «у адваротным выпадку тут будзе гаспадарыць акупант». «Мы павінны сказаць сваё „не“, каб прыцягнуць увагу міжнароднай грамадзкасьці. Бо вялікая імавернасьць, што расейскія войскі і тэхніка могуць быць павернутыя супраць нашай незалежнасьці».
Павал Севярынец нагадаў, што больш за 500 гадоў таму новыя і новыя пакаленьні продкаў беларусаў змагаліся ў Аршанскай і іншых бітвах, каб захаваць незалежнасьць. «Наш абавязак сёньня — абараніць незалежнасьць, якой ужо 1000 гадоў. Мы мусім быць годнымі абаронцамі сваёй краіны, яскравым прыкладам для сваіх нашчадкаў». Ён таксама пералічыў сёньняшніх палітвязьняў і запатрабаваў ад уладаў неадкладна іх вызваліць.
Вячаслаў Сіўчык у сваім выступе вярнуўся да падзеяў 1514 году — «цуду пад Воршай, у які мала хто верыў». Беларусы далі адказ агрэсару, паказаўшы, што бараніць Бацькаўшчыну можна ня толькі зброяй, а і душой. «Гэта зямля будзе беларускай, нягледзячы на любыя спробы яе падпарадкаваць, зьняволіць. Людзі мацнейшыя за нелюдзей», — падсумаваў палітык.
19:40 Яўген Афнагель зачытаў тэкст рэзалюцыі. Сярод пунктаў — катэгарычнае непрыняцьце прысутнасьці чужых войскаў у Беларусі, патрабаваньне расцаніць вучэньні «Захад-2017» як пагрозу нацыянальнаму сувэрэнітэту, выказаць салідарнасьць зь міжнароднай супольнасьцю, якая асуджае расейска-беларускія вучэньні. Таксама была выказана гатовасьць бараніць незалежнасьць краіны са зброяй у руках.
19:45 Калёна рушыла ў бок Плошчы Перамогі, каб ускласьці кветкі і ўшанаваць памяць тых, хто загінуў у апошнюю вайну, а таксама нагадаць ваяўнічаму ўсходняму суседу пра «партызанскі ген» беларусаў. Там жа пройдзе цырымонія прысяганьня на вернасьць Айчыне. Першая такая прысяга адбылася ў гэты ж дзень чвэрць стагодзьдзя таму на плошчы Незалежнасьці ў Менску.
20:10 Падчас руху мітынгоўцы гучна выкрыкваюць лёзунгі: «Жыве Беларусь», «Слава героям!», «Русский солдат, иди домой».
20:15 Дэлегаваныя з калёны ўдзельнікі акцыі папярэджаньня ўсклалі кветкі да манумэнта Перамогі. Астатнія рушылі на плошчу Якуба Коласа да помніка партызанам. Цырымонія прысяганьня на вернасьць Айчыне адбудзецца там.
20:20 «Гэта не паўтарэньне таго, што было 25 гадоў таму, — патлумачыў Мікола Статкевіч сутнасьць маючай адбыцца прысягі. — Тады была іншая сытуацыя. Вялася гаворка пра аднаўленьне беларускай гісторыі і адаптацыю беларускай арміі законам Беларусі. То бок быў выразны вайсковы акцэнт. Але цяпер няма спадзяваньняў на тое, што нашы Ўзброеныя сілы будуць бараніць ад пагрозы з Усходу, мы цяпер гэткая філія расейскага войска. Таму сёньня зьвяртаемся да грамадзтва, апэлюем да людзей невайсковых. Кожны можа выказаць гатовасьць, каб бараніць сваю краіну. Гэта жэст сымбалічны».
20:40 Удзельнікі акцыі дайшлі да плошчы Якуба Коласа. Неўзабаве пачнецца працэдура сымбалічнай прысягі. Зь пераноснага дынаміка гучыць гімн «Магутны Божа».
20:45 Перад пачаткам «Прысягі свабоды на вернасьць Беларусі», як назваў урачыстую цырымонію Мікола Статкевіч, сьвятар адслужыў малебен. Потым лідэр БНК зачытаў тэкст, які прысутныя паўтаралі:
«Я, патрыёт Беларусі, клянуся змагацца за свабоду і незалежнасьць маёй краіны... Я клянуся берагчы Беларусь у сэрцы маім, бараніць яе ад любога ворага...»
Наступная акцыя Міколы Статкевіча анансаваная на 20 кастрычніка і будзе праходзіць пад лёзунгам «Марш абураных беларусаў 2.0».