Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскіх паралімпійцаў праз допінг не дапусьцілі да адбору на Гульні-2018 у Карэі


Міжнародны паралімпійскі камітэт 6 верасьня адмовіў Паралімпійскаму камітэту Расеі ў аднаўленьні сяброўства ў арганізацыі і допуску расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў.

Гэта азначае, што расейскія паралімпійцы, якія ўдзельнічаюць у камандных гульнях, ня змогуць удзельнічаць у адборачных спаборніцтвах да Гульняў-2018 у паўднёвакарэйскім Пхенчхане як каманда Расеі.

Індывідуальныя спартоўцы, якія адбіраюцца ў асабістым парадку і выступаюць у гарналыжным спорце, біятлёне, лыжным спорце і снаўбордзе, змогуць выступаць толькі пад нэўтральным сьцягам, а не пад сьцягам Расеі.

«Міжнародны паралімпійскі камітэт спадзяецца, што гэтае рашэньне падштурхне Паралімпійскі камітэт РФ і, што важней, расейскія ўлады, выканаць умовы, неабходныя для аднаўленьня сяброўства», — сказана ў адпаведнай заяве.

Прэзідэнт Міжнароднага паралімпійскага камітэту Філіп Крэйвен заявіў, што неабходныя «рэальныя перамены ў адносінах Расеі да праблемы допінгу».

У жніўні 2016 году паралімпійская зборная Расеі была ў поўным складзе адхіленая ад Паралімпійскіх гульняў у Рыё-дэ-Жанэйру ўсьлед за часткай нацыянальнай каманды. Гэта адбылося пасьля публікацыі некалькіх частак дакладу Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва, заснаванага на расьсьледаваньні незалежнай камісіі пад кіраўніцтвам Рычарда Макларэна.

У дакладзе было сказана, што на гульнях у Сочы Міністэрства спорту Расеі кантралявала і праводзіла маніпуляцыі з аналізамі спартоўцаў, якія ўтрымлівалі допінг, і падмяняла іх «чыстымі» пры актыўным удзеле і з дапамогай ФСБ і Цэнтру спартыўнай падрыхтоўкі зборных каманд Расеі ў Маскве і Сочы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG