Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МФ на чужой вайне


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Малады Фронт адзначае дваццацігодзьдзе. Стужку поўняць фоткі канца 1990-х. Дваццаць гадоў дастатковы час, каб пасталець. Тым больш, што ўсьведамленьне новае рэальнасьці, якая напаўзае на нашу прастору, падганяе гэтую сталасьць.

Прайшоў год з моманту гібелі ва Ўкраіне Алеся Чаркашына, берасьцейца, чальца Маладога Фронту, які загінуў на фронце ўкраінскім.

Адзін з герояў стаяньня за Курапаты Вадзім Пальчэўскі, таксама рушыў ва Ўкраіну, у дабраахвотніцкі батальён. Яшчэ раней там апынуўся Эдуард Лобаў.

Чаму людзі робяць такі выбар? Напэўна ў кожнага на гэта свае прычыны. Памятаю, у часе падарожжа на чачэнскія выбары ў 1997-м, акурат у год заснаваньня МФ, я пытаў у чачэнцаў, якія зьехаліся бараніць гістарычную радзіму з розных куткоў былога Савецкага Саюзу, чаму яны ехалі на гэтую вайну? Адказам часьцей за ўсё быў шчыры зьдзіўлены позірк, маўляў, а як іначай.

Зрэшты, у чачэнцаў матыў быў больш просты й балючы, іх радзіму прасавалі расейскія танкі. Імпэрыя душыла прагу да свабоды, і час быў такі, калі свабода была запатрабаваная, дый атмасфэра – больш шчырая і празрыстая.

З нашымі хлопцамі ва Ўкраіне пытаньне на парадак больш складанае, бо гэта пытаньне не адно барацьбы за свабоду ці выбар каштоўнасьцяў цывілізацыі, гэта перадусім глыбокі экзыстэнцыйны выбар.

Пасьля сыходу Пальчэўскага кіраўнік «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў закідаў у фэйсбуку кіраўніку МФ Зьмітру Дашкевічу:

«Я катэгарычна ня згодны з пазыцыяй, што зроблены выбар Сяргея Пальчэўскага паехаць ваяваць ва Ўкраіну – гэта кшталту такое права чалавека і мы павінны проста яго прыняць. Не павінны. Мы ўсім сьветам павінны адгаварыць яго й кожнага, хто вырашыць паехаць. Няма ў гэтым ні гераізму, ні неабходнасьці.

Zmitser Dashkevich чаму ты ня выкарыстаў увесь свой аўтарытэт, як лідэр арганізацыі і як чалавек, якога ён вельмі шануе, каб Сяргей не паехаў на гэтую бойню? (Як і Лобаў у свой час.)

Спадзяюся, ты не падтрымліваеш гэта, тыпу, хлопец выкупае крывёю, тое што падпісаў нейкую там фількіну грамату.

Ты ж сказаў яму, што яму няма за што прасіць прабачэньня, няма за што сябе дакараць і няма чаго туды ехаць? І што ты заўсёды яго падтрымаеш тут, на месцы. А калі хоча зьехаць, што па-чалавечы зразумела, то яму можна дапамагчы часова зьехаць за мяжу працаваць або вучыцца. І ў гэтым мы ўсе гатовыя дапамагчы».

Трохі нэрвовы допіс атрымаўся. Выглядала на тое, што Дзьмітрыеў, зьвяртаючыся да Дашкевіча, як бы адначасова ставіў сябе на месца і Пальчэўскага, і Дашкевіча, ды ўлічваў яшчэ некага трэцяга.

Але што мог адказаць лідэр МФ лідэру ГП.

Яшчэ раней Андрэй, неяк разважаючы ў інтэрвію над шляхамі дасягненьня выніку ў палітыцы, прамовіў наступнае: «сядзець у лайне ня страшна, страшна ў крыві».

Думаю, пад гэтымі словамі падпісалася б шмат беларусаў, але далёка ня ўсе.

Цукеркі, вядома, можна рабіць з розных рэчаў. Гэта такі спакусьлівы занятак. Адно з крыві цукерку ня зробіш. Кроў ёсьць кроў.

Калега мне кажа:

– Дзьмітрыеў амаль адзін, хто спрабуе рабіць палітыку ў страшэнна нязручных умовах.

Я згодны з калегам, разумнік Дзьмітрыеў на чале ГП спрабуе неяк гуляць у вялікія непразрыстыя гульні. Чагосьці дамагацца, неяк уплываць на сыстэму. Але вынік?

Як той казаў, калі доўга ўглядацца ў сыстэму, то сыстэма пачне ўглядацца ў цябе.

МФ на працягу свайго існаваньня ў сыстэму не ўглядаўся, але змагаўся зь ёй. Як умеў. Проста й шчыра. Ад сьмешных дзіцячых ды-джэяў адраджэньня й паходаў з шарыкамі па амбасадах да зусім недзіцячых турэмных тэрмінаў і адстойваньня Курапатаў. Сыстэма засталася непарушнай.

Шчырасьць важная штука. Думаю, удзел асобных маладафронтаўцаў ва ўкраінскіх падзеях – таксама праява гэтае нутраное асабістае шчырасьці перад сабой, сваім успрыманьнем сьвету. Такая рэакцыя на непарушнасьць сыстэмы.

Не ўяўляю сябра ГП, які б наважыўся на добраахвотніцкі батальён.

У гэтым сэнсе ва ўдзеле чальцоў Маладога Фронту ў чужой вайне ёсьць свая лёгіка, якую ня цяжка зразумець.

Разважаць аб тым, слушна ці ня слушна яны зрабілі, справа пустая, бо зразумеюць гэта толькі яны самі ды й тое праз пэўны час.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG