Перад 20-годзьдзем палітычнай арганізацыі «Малады Фронт», якое прыпадае на 6 верасьня, у сацыяльных сетках зьявілася багата фатаздымкаў, зробленых у канцы 90-х — пачатку 2000-х гадоў. На здымках — юныя людзі, шмат хто зь іх сёньня — вядомыя палітыкі, журналісты, літаратары, грамадзкія актывісты, прадпрымальнікі, арганізатары канцэртаў. Фатаздымкі, якія яны публікуюць пад хэштэгам #МФ20год, — адсканаваныя з папяровых картак, бо зробленыя яшчэ на стужкавыя фотаапараты.
Мы сустрэліся з героямі аднаго з фатаздымкаў — палітыкамі Паўлам Севярынцам і Аляксеем Янукевічам — і сфатаграфавалі іх на тым самым месцы, дзе ў 1999 годзе яны, тады 23-гадовыя лідэры «Маладога Фронту», пазіравалі пасьля сходу сваёй арганізацыі, — каля ўваходу ў колішнюю сядзібу Партыі БНФ, што на праспэкце Машэрава (тады вуліца Варвашэні).
Павал Севярынец: «У пакеце былі ўлёткі»
— Павал, якая гісторыя гэтага фатаздымка?
— Была цікавая гісторыя з гэтымі чорнымі плашчамі. Аляксей Янукевіч, які жыў у Заводзкім раёне, сказаў, што «выкінулі» цудоўныя танныя плашчы, якія робяць глухія на нейкім прадпрыемстве. Яны каштавалі літаральна капейкі, у пераліку, можа, даляры тры. Мы паехалі ў краму ўчатырох — я, Аляксей Янукевіч, Андрэй Пятроў і Яўген Скочка. І набылі аднолькавыя плашчы. І ведаеце, яны былі дастаткова стылёвыя. І вось мы ўчатырох хадзілі ў гэтых аднолькавых плашчах, гэта была ўніформа кіраўніцтва «Маладога Фронту»".
— А што ў тым пакеце, які вы трымаеце?
— У пакеце, які ўжо праславіўся ў сацыяльных сетках, мяркуючы па ўсім, былі ўлёткі. Таму што звычайна я сыходзіў зь сядзібы БНФ з улёткамі. Увогуле, у сядзібе БНФ прайшлі самыя шматлюдныя сходы «Маладога Фронту». Яны адбываліся кожны панядзелак і кожны чацьвер. У кожным паседжаньні ўдзельнічала ад 80 да 200 чалавек. Заля была забітая. На сходах агучваліся навіны за тыдзень, а таксама анонсы мерапрыемстваў. Было вельмі шмат людзей, гэта можна пабачыць па фатаздымках, якія цяпер усплываюць у межах флэшмобу #МФ20год.
— Як вы ацэньваеце ролю «Маладога Фронту» 20 год таму і цяпер?
— Я лічу, што «Малады Фронт» — гэта самы масавы моладзевы рух за часы найноўшай гісторыі Беларусі. І галоўнае дасягненьне «Маладога Фронту» — гэта цэлае пакаленьне патрыётаў, якія любяць Беларусь і гатовыя за яе змагацца. Гэта тысячы людзей, дзясяткі бліскучых імёнаў. Калі браць сучаснасьць, то глядзіце: канец 2016 — пачатак 2017 году — бліскучыя акцыі Зьмітра Дашкевіча, пераможная абарона Курапатаў, змаганьне супраць «русского мира», новыя судовыя працэсы. «Малады Фронт» і цяпер працягвае выконваць ролю авангарда і ядра моладзевага руху. Тое, што ўдалося выстаяць за больш чым 20 гадоў дыктатуры, — гэта вельмі сур’ёзна.
— Назавіце 10 маладафронтаўцаў, якімі вы ганарыцеся.
— Аляксей Янукевіч, Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Хведарук, Сяргей Антусевіч, Юрась Губарэвіч, Аляксей Шэін, Валянцін Стэфановіч, Барыс Гарэцкі, Наста Дашкевіч, Алег Корбан.
Аляксей Янукевіч: «Мы жартавалі, што чорныя палкоўнікі захапілі БНФ»
— Аляксей, цяпер нам цікава пачуць вашую гісторыю. Чаму вы на гэтым здымку ў аднолькавых чорных плашчах?
— Дакладна памятаю, што тут мы з Паўлам пасьля чарговага чацьвярговага паседжаньня. І мы ў аднолькавых плашчах. Справа была ў тым, што адзін з нашых сяброў набыў ва ўнівэрмагу "Беларусь" зручны, камфортны і модны на той час плашч. Ён параіў нам. І мы ўчатырох — Павал Севярынец, Яўген Скочка, Андрэй Пятроў і я — паехалі і набылі такія плашчы. Павал тады адразу прыдумаў жарт, што чорныя палкоўнікі захапілі БНФ. Пасьля гэтага на штотыднёвыя сустрэчы мы пачалі прыходзіць у гэтых чорных плашчах, але гэта была і нашая паўсядзённая вопратка. Пасьля аднаго з паседжаньняў мы сфатаграфаваліся. Хутчэй за ўсё, той, хто трымаў мой фотаапарат, меў яшчэ і клей, бо ў Паўла ў пакеце — улёткі. Гэта было вельмі тыпова, што пасьля паседжаньня мы дзяліліся на групы і ішлі іх расклейваць. Гэта была завядзёнка.
— А дзе тады «Малады Фронт» браў грошы на выраб улётак?
— Фізычна грошай у «Маладога Фронту» не было. Мы зьбіралі ахвяраваньні на масавых акцыях — на дзейнасьць арганізацыі. Людзі ахвяравалі дастаткова сур’ёзныя сумы. Таксама была вялікая дапамога ад старэйшых — Партыя БНФ дапамагала з памяшканьнем, з аргтэхнікай, з друкам.
— Як вы ацэньваеце ролю «Маладога Фронту» тады і цяпер?
— «Малады Фронт» можна параўнаць з «Талакой» і з рухам БНФ. Калі «Талака» і БНФ выканалі ролю кансалідацыі, крышталізацыі і гуртаваньня вельмі шырокай плыні, якая паўстала супраць камуністычнай сыстэмы, то «Малады Фронт» стаў вельмі шырокім рухам, які здолеў згуртаваць і ачоліць моладзевую хвалю ў змаганьні за незалежнасьць маладой беларускай дзяржавы. Вядома, часы мяняюцца, цяпер няма вялікага прытоку моладзі, няма той колькасьці людзей, якая выходзіла на вулічныя акцыі, як у час, калі быў зроблены гэты фатаздымак. Але тыя, хто быў у «Маладым Фронце», застаюцца вернымі тым ідэалам, якія ім дала гэтая арганізацыя. Цяпер шмат хто з маладафронтаўцаў — пасьпяховыя людзі, залаты фонд сёньняшняга нацыянальнага руху, яны праз новыя каналы і магчымасьці працягваюць адстойваць беларускую незалежнасьць.
— Назавіце 10 маладафронтаўцаў, якімі вы цяпер ганарыцеся?
— Гэта Павал Севярынец, Аляксей Чарняеў, Аляксей Шэін, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Юрась Губарэвіч, Вадзім Саранчукоў, Сяргей Антусевіч, Мікола Пачкаеў, Зьміцер Дашкевіч.