«Белыя крылы» ледзь выціснулі нічыю зь Люксэмбургам у Барысаве, але на матч у адказ у маленькім княстве Люксэмбург духу ўжо не хапіла, параза 0–1.
Люксэмбург, дарэчы, мае пяцьсот тысяч усяго свайго насельніцтва.
Інтэрнэт рэагаваў эмацыйна, але допіс футбольнага агента Валерыя Ісаева падвёў лягічную рысу:
«Гуляць годна пачнём тады, калі зробім TESLA). Мы чамусьці кажам, што амэрыканцы малайцы, зрабілі такі аўтамабіль. А што гэтаму папярэднічала, акуратна „запіваем“. TESLA — гэта ўсё са словамі „вольны“, „свабодны“: рынак, суд, выбары і шмат усяго. Як жывём, так і гуляем!».
Ключавое слова — свабодны.
А тым часам «зубры» хакейнага менскага «Дынама» «звышвынікова» стартавала ў лізе КХЛ, пяць матчаў — пяць паразаў і дно зводнай турнірнай табліцы.
— Гуляюць, як палонныя, — агулам крычыць інтэрнэт.
А чаго чакаць, калі міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, вялікі аматар НКВД, нібыта, каб зьнізіць кошты, загадаў наладзіць вытворчасьць хакейнай формы ў папраўчай калёніі ў Гомелі. Палонныя, так бы мовіць, шыюць форму для палонных.
Гэтай формай, хакейныя функцыянэры спадзяюцца канкураваць з замежнымі брэндамі, а таксама падымаць масавасьць і якасна разьвіваць дзіцячы хакей.
Яшчэ старшыня назіральнае рады «Дынама» міністар Шуневіч задумаўся пра калгасы, складзеныя з зэкаў, каб якасна ня толькі шыць хакейную форму, але й вырошчваць бульбу.
Бульба, таксама слова ключавое.
Над усёй нашай рэчаіснасьцю, над усімі нашымі футболамі-хакеямі ўлучна пануе бульба. Усе тыя 105 тон, нібыта, назьбіраныя галоўным бульбаводам і ягоным меншым сынам.
На кожнага беларуса, апроч атмасфэрнага слупа, ціснуць яшчэ гэтыя 105 тон. Зрушыць зь месца, адарвацца ад зямлі з такой вагой не пад сілу ні Зубрам, ні Белым крылам.
Каб паляцець, каб стаць хоць бы маленькім княствам Люксэмбургам, трэба бульбай ахвяраваць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.