Ужо тыдзень беларускія музыкі гастралююць па ЗША, гэта іх трэцяя паездка за акіян за апошні час. З прэзэнтацыяй альбому «Вада, хмель і солад» яны прабудуць там да канца кастрычніка, маюцца наведаць 15 штатаў ад заходняга да ўсходняга ўзьбярэжжаў. Праграма прадугледжвае як выступы на фэстах, так і сольныя канцэрты.
Пасьля завяршэньня амэрыканскага ваяжу гурт прэзэнтуе альбом і для сваіх беларускіх прыхільнікаў — 19 лістапада ў менскім Палацы прафсаюзаў.
Паводле Зьмітра Сасноўскага, альбом «Вада, хмель і солад» — спроба аднавіць дух старажытнага застольля, паказаць, як бавілі час продкі беларусаў, што сьпявалі за сьвяточным сталом. Разам з тым, знайшлося месца шчымлівым баладам ды сур’ёзным гістарычным рэчам.
«Вада, хмель і солад» — ня проста новы альбом, гэта грунтоўнае падсумаваньне творчасьці некалькіх апошніх гадоў. Воляй лёсу, сустрэч і знаходак зьбіраўся матэрыял, апрацоўваўся, крышталізаваўся на канцэртах. І, нарэшце, ён запісаны ў студыі«, — падсумавалі музыкі «Старога Ольсы».