Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагрэс мужчынскімі рукамі


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

У школе вучаць, што ўсё ў гэтым сьвеце зроблена мужчынамі і што навука і гісторыя ў цэлым разьвівалася мужчынскімі рукамі. Жанчыны ж былі ў лепшым выпадку музамі, у горшым — пляткаркамі і інтрыганкамі, якія не цанілі творчасьць альбо іншае пакліканьне мужа.

Сёлета мой малодшы брат ідзе ў першую клясу. У дзіцячым садочку яго ўжо навучылі, што ружовае — гэта для дзяўчатак, а быць як дзяўчынка — значыць быць слабым. Цяпер у школе навучаць, што ўсё ў гэтым сьвеце зроблена мужчынамі і што навука і гісторыя ў цэлым разьвівалася мужчынскімі рукамі. Жанчыны ж былі ў лепшым выпадку музамі, у горшым — пляткаркамі і інтрыганкамі, якія не цанілі творчасьць альбо іншае пакліканьне мужа.

Сур’ёзна, як шмат значных жанчын вы памятаеце са школьнай праграмы? Рагнеду, Еўфрасіньню Полацкую, Кацярыну Вялікую і Марыю Кюры? Узгадайце, чые партрэты віселі на сьценах у школьных кабінэтах, дзе вы вучыліся. Беларускіх дзяцей дагэтуль вучаць таму, што сьвет ствараўся і працягвае стварацца мужчынамі, і школьная праграма настолькі прасякнутая гэтай ідэяй, што патлумачыць дзецям рэальнае палажэньне рэчаў аказваецца дужа цяжка. Школьны курс гісторыі — гэта збольшага гісторыя таго, як мужчыны разьвязвалі войны і забівалі на іх адны адных.

Кажуць, адсутнасьць у школьнай праграме інфармацыі пра жаночыя дасягненьні — гэта лягічны вынік таго, што ў дзяўчатак так доўга не было доступу да адукацыі. Часткова гэта і праўда тлумачыць зьмест падручнікаў, але ўсё адно застаюцца пытаньні.

Сама зьява шматвяковай адсутнасьці адукаваных жанчын, вандроўніц, навуковых экспэрымэнтатарак і г. д. ніяк не праблематызуецца ў школьнай праграме. У лепшым выпадку, настаўніца або настаўнік гісторыі аднойчы скажа, што ў жанчын не было доступу да адукацыі. Мае настаўнікі гісторыі ў сярэдніх клясах не лічылі патрэбным увогуле зьвяртаць увагу на такую акалічнасьць, як адсутнасьць жанчын у праграме. Такім чынам, да старэйшых клясаў карціна сьвету была прыблізна такая: мужчыны гераічна кіруюць прагрэсам, жанчыны іх натхняюць і клапоцяцца пра іх побыт. І гэта ўспрымалася як натуральны стан рэчаў, у ім ня бачылася «нічога такога».

Але становішча жанчын у сьвеце значна зьмянілася з тых часоў, калі дзяўчаткі паўсюдна ня мелі доступу да базавай адукацыі. Жанчыны прыдумалі кеўлар (матэрыял, зь якога робяць бронекамізэлькі), машыну для прыборкі сьнегу, сылікон, «нябачнае» шкло, сонечную сыстэму ацяпленьня і першы кампілятар для мовы праграмаваньня, але дзецям пра гэта ня стануць расказваць у школе. Па-першае, нібыта маштаб ня той, па-другое, у навуцы ж, кажуць, важныя ўласна дасягненьні, а не пол навукоўцаў. Але я ніколі ня чула жартаў пра небясьпечныя экспэрымэнты П’ера Кюры і шмат наслухалася ў школе пра тое, якой па-жаноцку неабачлівай была Марыя Складоўская-Кюры.

Некалькі гадоў таму мне трапіўся на вочы тэкст нявызначанага аўтарства «Незалежная жанчына», у якім апісвалася, як усё вакол няўдзячнай і фанабэрыстай жанчыны зроблена ці прынамсі прыдумана мужчынам: «...паехала па дарозе, пабудаванай мужчынамі^; зайшла ў дом, пабудаваны мужчынамі з бэтону, залітага мужчынамі, і цэглы, пакладзенай мужчынамі... », «...націснула на кнопку кампутара, вынайдзенага і сабранага мужчынамі, адкрыла праграмы, створаныя мужчынамі, зайшла ў Інтэрнэт, створаны мужчынамі...» Аўтар опусу відавочна адчувае пэўную «відавую перавагу» з-за таго, што ён таксама мужчына. Нібыта пабудаваны абстрактнымі мужчынамі абстрактны дом — гэта ягоная пэрсанальная заслуга перад грамадзтвам і ўклад у разьвіцьцё чалавецтва.

Я бачу вельмі цесную сувязь паміж першаснай сацыялізацыяй чалавека і тым, які сьветапогляд гэты чалавек будзе трансьляваць у дарослым узросьце. Калі б аўтару тэксту «Незалежная жанчына» больш расказвалі ў школе пра агульную ролю жанчын у гісторыі, калі б у школьным навучаньні было больш рэфлексіі і менш мэханічнага завучваньня (прынамсі, на гуманітарных дысцыплінах), тэксту пра сьвет, створаны мужчынамі, хутчэй за ўсё ўвогуле б не было.

Беларускія ўлады ніяк ня могуць вырашыць, а якой гадзіне мусяць пачынацца ўрокі ў школах, і ў што трэба апранаць дзяцей на заняткі. Але зусім не зьвяртаюць увагу на тое, што школьныя падручнікі трансьлююць карціну сьвету, састарэлую на некалькі стагодзьдзяў.

Галоўнае, як кажуць — вызначыцца з прыярытэтамі. І тады ўсё стане зразумела.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG