Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Героі розных эпох


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

У палацы спорту «Ўручча», намоленым гандбольным месцы і месцы дысьлякацыі легендарнага гандбольнага СКА, самай пасьпяховай каманды Беларусі ўсіх часоў, спорткамітэт Збройных Сілаў прымусіў прыбраць з-пад зводаў арэны майкі спартоўцаў-алімпіёнікаў, гульцоў СКА, а таксама зборных СССР, СНД і Беларусі і заміж іх вывесіў сьцягі родаў войск. Маўляў, сьцягі арганізацыі важней за майкі нейкіх там гандбольных легендаў.

Я ня ведаю, што паслужыла штуршком для таго, каб выявы чэмпіёнаў алімпійскіх гульняў, спартовых герояў краіны былі засунутыя далёка на задворкі, але ясна разумею агульную парадыгму падобных дзеяньняў, у якой мы жывем апошнія дваццаць тры гады. Ня тое, каб месца герояў было занятае, але героі мусяць адпавядаць часу, быць у кантэксьце, толькі тады яны маюць права называцца героямі.

Усё проста, Аляксандр Каршакевіч, Юры Шаўцоў, Канстанцін Шаравараў і іншыя чэмпіёны-алімпійцы — «сыходзячая натура», спартоўцы выхаваныя на старой сыстэме каштоўнасьцяў, якая сёньня не актуальная. З усімі гэтымі маральнымі кодэксамі: калі ў зборную, дык на крылах; калі дзеля перамогі, дык не шкадуючы жывата свайго; калі алімпійскі мэдаль, дык ня мае кошту.

Яны й сёньня выдатныя спэцыялісты, чые веды і досьвед запатрабаваныя, але, так бы мовіць, вузкапрофільныя спэцыялісты, у якіх апроч гандболу за душой нічога няма, і гэта адчуваюць звычайныя спартовыя клеркі, якія чульліва трымаюць нос па ветры.

Сёньня іншы час, дзе нюансы і дэталі маюць свой кошт, часам большы за ўсе спартовыя дасягненьні, і тое тычыцца не адно гандболу, але ўсяго нашага спорту. Гісторыя зь легендамі менскага СКА толькі выпадак, які падкрэсьліў праблему.

Героі новай эпохі ўпісаныя ў кантэкст. Сяргей Рутэнка, Вікторыя Азаранка, Вадзім Дзевятоўскі, людзі зь іншым падыходам да жыцьця, дзе нюансы ўлічваюцца. Дзе маральныя кодэксы замяняе, умоўна кажучы, бізнэс-кантракт.

Сяргей Рутэнка, вярнуўшыся на заканчэньне спартовай кар’еры пад сьцягі зборнай Беларусі, дапамог ёй і цяпер, з сыходам з гандболу адкрывае свой бізнэс, каб укласьці ў справу тыя сродкі, што зарабіў гандболам.

Думаецца гэты нюанс, спрыяньне пасьляспартовай кар’еры быў немалаважным, калі старшыня гандбольнае фэдэрацыі Ўладзімер Канаплёў вёў перамовы зь Сяргеем аб вяртаньні на мілую Бацькаўшчыну з Гішпаніі.

Рутэнка пачуваецца пэўна, ведае дзе, што і як сказаць. Не зьдзіўлюся, калі раптам пабачу яго сярод чальцоў якой Палаты прадстаўнікоў, як таго ж лёгкаатлета Вадзіма Дзевятоўскага, якому ніякія допінг-скандалы не перашкодзілі стаць ні парлямэнтарам, ні старшынём фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Беларусі з той самай прычыны, што ён разумее прыярытэты ў сёньняшняй Беларусі.

Як не сумняюся, што, напрыклад, Вікторыі Азаранцы таксама будзе заўсёднае спрыяньне незалежна ад таго, ці будзе яна прыяжджаць у зборную Беларусі на Кубак фэдэрацый ці не, бо Азаранка ведае галоўнае — актуальнасьць моманту. Калі было вельмі трэба, прывезла ў Беларусь сваю сяброўку, на той час адну з галоўных тэнісістак плянэты — Каралін Вазьняцкі і папрасіла яе разыграць пару падач з галоўным акторам нашае сцэны.

Усё гэта кажа за тое, што новая генэрацыя спартовых герояў зусім па-іншаму адчувае сябе ў часе й прасторы і будуе сваё жыцьцё адпаведна прапанаванаму кантэксту.

Я абсалютна пэўны, што ніякаму спартоваму клерку, ніякай пачэснай арганізацыі нават ня прыйдзе да галавы ідэя вынесьці выявы гэтых новых герояў на задворкі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG