Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі апазыцыянэр паведаміў дэталі справы падазраванага ў вырабе выбухоўкі сукамэрніка


Станіслаў Паўлінковіч
Станіслаў Паўлінковіч

Актывіст апазыцыі Станіслаў Паўлінковіч з Магілёва сядзеў у адной камэры з аматарам-выбухатэхнікам, які майстраваў выбуховыя прыстасаваньні.

Магілёўская міліцыя затрымала жыхара абласнога цэнтру, які падазраецца ў вырабе выбухованебясьпечных рэчываў. Пра гэта гаворыцца на сайце Ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму.

Вызвалены сёньня сябар аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіслаў Паўлінковіч сядзеў у адной камэры з гэтым 23-гадовым магілёўцам. Паводле актывіста, хлопца затрымалі 16 жніўня. Ён быў дужа прыгнечаным. Заклапочана хадзіў па камэры.

«Сказаў, што ён самавук-выбухатэхнік. Захапляецца хіміяй. Майстраваў розныя выбуховыя прылады і не чакаў, што яго затрымаюць, а калі сказалі, што яму пагражае да 7 гадоў калёніі, то эмацыйны стан яго яшчэ болей пагоршыўся. Казаў, што яму хацелі выставіць абвінавачваньне ў тэрарызьме. Вадзілі на допыты. Зь іх ён вяртаўся знэрваваным», — апавядаў Станіслаў Паўлінковіч.

З аповеду сукамэрніка Паўлінковіч зразумеў, што таго затрымалі ў гаражы. Міліцыянты знайшлі вадкасьць, зь якой можна вырабіць выбуховае рэчыва.

«Адшукалі таксама патроны і самаробную зброю, якая страляла са знойдзеных патронаў, — прыгадаў актывіст. — Казаў, што зьбіраўся змайстраваць зброю, якой яшчэ не існуе. Дзеля чаго ён рабіў выбухоўку, не казаў. Непакоіўся, што пачалі дапытваць ягоных сяброў і тыя, як ён зазначаў, могуць абы-чаго на яго нагаварыць».

Паводле Паўлінковіча, аматара-выбухатэхніка забралі з камэры сёньня ўначы.

«Мяне і яшчэ аднаго сядзельца, у якога было крымінальнае мінулае, дужа зьдзівіла, калі па яго прыйшлі ўначы. Сказалі: „На выхад з рэчамі“, але ў ізалятары яго не пакінулі. Можа, куды ў Менск у КДБ павезьлі. Нам было страшна, калі яго забіралі», — сказаў ён.

Паведамленьне пра затрыманьне 23-гадовага магілёўца зьявілася на сайце ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму 18 жніўня. У ім адзначаецца, што ў гаражы, які здымаў у знаёмага затрыманы, былі выяўленыя рэчывы, прыдатныя для вырабу выбухоўкі.

Паводле намесьніка начальніка абласнога ўпраўленьня міліцыі Аляксандра Васільева, падчас агляду месца жыхарства падазраванага таксама былі выяўленыя хімічныя кампанэнты для вырабу выбуховых рэчываў і прыстасаваньняў, самаробныя прадметы, выглядам падобныя на агнястрэльную зброю і боепрыпасамі да яе.

«Папярэдне супрацоўнікамі міліцыі высьветлена, што затрыманы вырабляў самаробныя прыстасаваньні, набітыя цьвікамі, шрубамі ды сьвінцом. Іх ён выпрабоўваў на адкрытай мясцовасьці», — сказана ў паведамленьні на сайце УУС

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG