Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: ФСБ прымусіла абвінавачанага ў выбуху ў мэтро адмовіцца ад заявы аб катаваньнях


Аброр Азімаў
Аброр Азімаў

Супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі прымусілі абвінавачанага па справе аб тэракце ў мэтро Санкт-Пецярбургу Аброра Азімава адмовіцца ад заявы аб катаваньнях у «сакрэтнай турме», кажа адвакат Дзьмітрый Дзінзэ. Паводле яго, супрацоўнікі ФСБ пагражалі Азімаву «фізычнай расправай над ім і ягонымі сваякамі».

Раней на гэтым тыдні Дзьмітрый і Вольга Дзінзэ, якія прадстаўляюць інтарэсы братоў Акрама і Аброра Азімава, абвінавачаных па справе аб тэракце ў мэтрапалітэне Санкт-Пецярбургу ў красавіку 2017 году, заяўлялі, што ў Маскве ці Маскоўскай вобласьці, імаверна, дзейнічае таемная турма. У ёй утрымліваюць і катуюць падазраваных у тэрарызьме, у тым ліку іншаземцаў, да афіцыйнага затрыманьня і выстаўленьня абвінавачваньняў. Адвакаты зьвярнуліся з заявай у Генэральную пракуратуру Расеі з просьбай праверыць гэтую інфармацыю. Сёньня стала вядома, што ведамства накіравала скаргу ў Сьледчы камітэт Расеі.

3 красавіка ў вагоне мэтро Пецярбургу адбыўся выбух, загінулі 14 чалавек, каля 50 былі параненыя. Усяго па справе аб гэтым тэракце затрыманыя не менш за 10 чалавек. Сьледзтва лічыць, што сам выбух быў зроблены тэрарыстам-сьмяротнікам Акбаржонам Джалілавым, 22-гадовым выхадцам з Кіргізстану, які меў расейскае грамадзянства. А арганізатарам нападу і настаўнікам Джалілава, паводле дадзеных расейскіх спэцслужбаў, зьяўляецца 27-гадовы Аброр Азімаў, які таксама які нарадзіўся ў Кіргізстане. Ён быў затрыманы нібыта 17 красавіка, сьпярша прызнаў віну, але на наступны дзень адмовіўся ад паказаньняў. «Супраць арышту я не пярэчу. Тое, што я датычны да выбуху, — я гэтага не казаў. Мой удзел ёсьць, але не прамы», — заявіў Аброр Азімаў ў Басманным судзе Масквы 18 красавіка 2017 году.

Затрыманьне Аброра Азімава, здымкі ФСБ Расеі, 17 красавіка 2017 году
Затрыманьне Аброра Азімава, здымкі ФСБ Расеі, 17 красавіка 2017 году

19 красавіка ФСБ затрымала яго старэйшага брата Акрама Азімава, які, на думку сьледзтва, атрымаў у Турцыі грошы на падрыхтоўку тэракту ад удзельніка неназванай пакуль міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыі і пасьля перавёў іх выканаўцу ў Пецярбургу.

Абставіны, пры якіх былі затрыманыя браты Азімава, і ўсе іх паказаньні патрабуюць як мінімум дбайнай праверкі — перакананыя адвакаты Дзьмітрый і Вольга Дзінзэ. 24 ліпеня стала вядома, што Аброр Азімаў падаў скаргу ў Галоўнае ваеннае сьледчае ўпраўленьне на катаваньні ў пэрыяд з 4 па 17 красавіка ў «сакрэтнай турме» ФСБ. Паводле яго слоў, яна знаходзіцца на паўднёвы захад ад Масквы. Аброр Азімаў кажа, што яго схапілі 4 красавіка ў Падмаскоўі, надзелі мяшок на галаву і адвезьлі ў невядомы падвал, дзе побач разьмяшчаліся камэры. Яго зьбівалі і катавалі электратокам два тыдні, патрабуючы прызнаньняў, пагражалі, прымушалі «вучыць паказаньні і ролю злачынца» і толькі потым, 17 красавіка, пастановачна затрымалі афіцыйна, з відэаздымкай, ля чыгункі ў Адзінцоўскім раёне Маскоўскай вобласьці, прычым сілай прымусілі пакінуць свае адбіткі пальцаў на нібы знойдзеным пры ім пісталеце Макарава.

Адвакаты кажуць, што на гэтым «аб’екце» таксама ўтрымлівалі Акрама Азімава, якога 15 красавіка гэтага года схапілі ў бальніцы на радзіме афіцэры кіргіскіх спэцслужбаў. А ФСБ Расіі заявіла аб затрыманьні Акрама Азімава 19 красавіка. Чатыры дні паміж гэтымі датамі ён таксама, паводле яго слоў, падвяргаўся катаваньням у «сакрэтнай турме» ФСБ.

Затрыманьне Акрама Азімава, здымкі ФСБ Расеі, 19 красавіка 2017 году.
Затрыманьне Акрама Азімава, здымкі ФСБ Расеі, 19 красавіка 2017 году.

Як распавядае адвакат Вольга Дзінзэ, Акрама Азімава прывезьлі на «аб’ект» ў кайданках прама з маскоўскага аэрапорту Дамадзедава. За чатыры дні, праведзеных у камэры, яму далі толькі паўлітра вады і адну талерку з бульбай. Акрам Азімаў кажа, што перанёс такія ж катаваньні, як і яго малодшы брат. У ходзе допытаў ён чуў за сьцяной крыкі іншых людзей, у тым ліку і брата Аброра. Наступнае афіцыйнае затрыманьне Акрама, як ён сам сьцьвярджае, праходзіла па прыкладна падобным сцэнары: яго высадзілі з машыны і загадалі чакаць «працэсу». У сумцы Акрам Азімава апэратыўнікі «знайшлі» баявую гранату з адбіткамі пальцаў, якую яго раней пагрозамі прымусілі патрымаць у руцэ.

Аб існаваньні «сакрэтнай турмы» ФСБ 24 ліпеня таксама паведаміў журналіст агенцтва РБК Ільля Раждзественскі. Паводле яго слоў, кіраўніцтва РБК адмовілася публікаваць гэты тэкст, як «спробу апраўдаць падазраваных у тэрарызьме», таму ён выйшаў на сайце выданьня Republic. Раждзественскі заявіў, што пасля адмовы публікаваць тэкст ён вырашыў звольніцца з РБК. Адна з кіраўнікоў РБК Лізавета Голікава патлумачыла адмову публікаваць матэрыял Каляднага тым, што холдынг «ня бачыць падстаў безумоўна давяраць тэкстаў адвакацкіх допытаў».

21 красавіка 2017 году РБК пісала пра тое, што «арыштаваны па справе пра тэракт у пецярбурскім мэтро Акрам Азімаў 15 красавіка быў вывезены са шпіталю ў горадзе Ош супрацоўнікамі Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі (ГКНБ) Кіргізстану». У распараджэньні рэдакцыі РБК аказаўся ліст, падпісаны галоўным урачом прыватнай клінікі «Хасіят» Зінай Карымавай і доктарам Санжарбекам Тахташавым. Сапраўднасьць гэтага ліста пацьвердзіў РБК бацька арыштаваных братоў Ахрал Азімаў.

Зварот бацькі затрыманых братоў, Ахрала Азімава:

Ільля Раждзественскі падкрэсьлівае, што знайшоў яшчэ некалькі чалавек, якія скардзіліся на выкраданьне і катаваньні, яшчэ да свайго афіцыйнага затрыманьня, на адным і тым жа таемным аб’екце. Прычым у іх апавяданьнях апісаньні «сакрэтнай турмы» ФСБ і катаваньняў да дэталяў супадаюць з паказаньнямі братоў Азімавых. Журналіст РБК піша ў сваім фэйсбуку, што негалосна факт існаваньня «аб’екту» яму пацьвердзілі і двое ананімных супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG