Калі б ня спорт №1 ды не капітанская нашыўка Стася, гэты выпадак не прыцягнуў бы вялікае ўвагі. Па-першае, зьмена грамадзянства ў спартоўцаў звычайная справа. Па-другое, чалавеку ўласьціва шукаць выгаднейшых умоваў працы. Але ў выпадку Андрэя ягоны ўчынак, вызначаны голым рацыяналізмам, мусіў улічваць яшчэ і пачуцьцё адказнасьці перад сваёй радзімай і заўзятарамі.
Зь іншага боку, спартоўцы, як і ўсе астатнія, існуюць у прапанаваным ім кантэксьце, у якім патрыятызм і адказнасьць перад радзімай на працягу дваццаці гадоў, мякка кажучы, не ўхваляліся. Улада, якую сёньня наўрад ці ўсьцешыць учынак Стася, сама зрабіла шмат намаганьняў, каб такія факты набылі распаўсюджаны характар ня толькі ў спорце.
Паводле заблытаных і зьменлівых правілаў КХЛ, а таксама заканадаўства РБ, якое не забараняе мець пашпарт іншае краіны, магчымасьць выступаць за зборную Беларусі ў Андрэя Стася, зразумела, пры ягоным жаданьні, застаецца. Але ягонае рашэньне павагі й любові, як сярод спартовага чынавенства, гэтак і сярод хакейных заўзятараў, цэнтарфорварду дакладна не дадасьць.
Невядома, як складзецца лёс Андрэя ў новым клюбе, як невядома, ці будзе ён гуляць пад сьцягам зборнай Беларусі, але ў мяне як шараговага заўзятара будзе пытаньне да самога сябе: ці гатовы я бачыць Андрэя Стася й надалей у ролі капітана нацыянальнае каманды?
І, мне здаецца, я ведаю адказ.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.