Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» прапанаваў Лукашэнку «дарожную карту»: рэгістрацыя БХД, дазвол мітынгаў, свабода журналістаў


Кангрэсмэн з ЗША Крыс Сьміт
Кангрэсмэн з ЗША Крыс Сьміт

Кангрэсмэн з ЗША Крыс Сьміт, які напісаў усе тры рэдакцыі Акту аб дэмакратыі ў Беларусі і заяўляў, што «месца Лукашэнкі — у Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе», даў інтэрвію парталу Tut.by.

Сьміт расказаў, што сустрэча Аляксандра Лукашэнкі зь ім 6 ліпеня была «шчырай і ветлівай» — у адрозьненьне ад сустрэчы ў 2009 годзе, калі Лукашэнка назваў Сьміта «ворагам № 1 беларускага народу».

«Мінулае дзесяцігодзьдзе — пэрыяд страчаных магчымасьцяў», — Лукашэнка пра стасункі з ЗША

Паводле Сьміта, «дарожная карта» для Беларусі, якая дазволіць не апынуцца пад пагрозай пашырэньня санкцыяў, уключае рэгістрацыю палітычных партыяў, у тым ліку Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (апошняя партыя, КХП БНФ, была зарэгістраваная ў 2000 годзе, а БХД адмаўляліся рэгістраваць 6 разоў), свабоду сходаў і дазвол журналістам вольна працаваць.

Сьміт кажа, што Лукашэнка выслухаў гэты плян, але не адказаў нічога. Сам Сьміт плянуе правесьці перад кастрычніцкім пераглядам санкцыяў слуханьні ў Кангрэсе ЗША для ацэнкі сытуацыі ў Беларусі, а таксама абмеркаваць гэтую тэму зь дзяржаўным сакратаром і віцэ-прэзыдэнтам.

Што да выказваньня пра «месца Лукашэнкі ў Гаазе», Сьміт заявіў, што «людзі заўжды могуць мяняцца і выпраўляцца», але «калі зьменаў ня будзе, мы вернем санкцыі».

Таксама Сьміт заявіў пра сумневы ў тым, што фінансаваньне Беларусі з боку ЗША будзе ўрэзанае да нуля: наконт адпаведнага бюджэту былі першыя чытаньні; амаль усе прапанаваныя скарачэньні, на думку Сьміта, «проста ня пройдуць».

Інтэрвію Крыса Сьміта на Tut.by >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG