У судзе Сьветлагорскага раёну 10 ліпеня адбудзецца працэс над незалежным журналістам Кастусём Жукоўскім, якога вінавацяць у «незаконным вырабе і пашырэньні СМІ», перадае «Белсат».
Жукоўскі ня ведае дакладна, за што быў складзены пратакол: выклік у суд яму прыйшоў на пошту, аб пратаколе ён нічога ня чуў. Але журналіст мяркуе, што судзіць яго могуць за матэрыял пра кітайскі завод, які ніяк ня могуць запусціць.
Журналіст зьвяртае ўвагу, што позва прыйшла праз два дні пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка заяўляў на адкрыцьці сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ: у Беларусі няма праблемаў са свабодай СМІ.
На Жукоўскага ад пачатку году было складзена 10 пратаколаў, пра якія ён ведае. Агулам за апошнія тры гады журналісту прысудзілі 10 025 рублёў штрафаў за «незаконны выраб і пашырэньне СМІ».
У часе акцыяў пратэсту ўвесну 2017 году праавабаронцы зафіксавалі 96 выпадкаў затрыманьня журналістаў, зь якіх 45 трапілі пад перасьлед, 6 пацярпелі ад фізычнага гвалту. У журналістаў аднаго толькі «Белсату» набралася штрафаў на амаль 18 тысяч рублёў за вясну-2017, некаторых садзілі на «суткі», у журналісткі Ларысы Шчыраковай пагражалі забраць 10-гадовага сына.
Штраф за асьвятленьне акцыі пратэсту (паводле вэрсіі суду — за ўдзел у ёй) атрымала сёлета і журналістка Свабоды Галіна Абакунчык.
Чаму незалежныя журналісты пачалі ўяўляць вялікую небясьпеку для беларускіх уладаў?