Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў 29 чэрвеня пра меры, якія, паводле яго слоў, адкрыюць «залатую эру» ў энэргетычнай палітыцы Злучаных Штатаў. Адбудзецца абнаўленьне ядзернай энэргетыкі і паслабленьне абмежаваньняў на экспарт амэрыканскіх энэрганосьбітаў.
Трамп, выступаючы ў міністэрстве энэргетыкі, заявіў, што ЗША будуць прадаваць энэрганосьбіты па ўсім сьвеце і тым самым умацоўваць «моц ЗША» ў глябальным маштабе. Звадкаваны газ будзе экспартавацца на азіяцкія рынкі, вугаль — ва Ўкраіну, а абмежаваньні на крэдытаваньне замежных вугальных праектаў будуць зьнятыя.
Што датычыцца разьвіцьця энэргетыкі ўнутры ЗША, адміністрацыя Трампа мае намер дамагацца большай эфэктыўнасьці атамных электрастанцыяў. У ЗША доля электраэнэргіі, якую атрымліваюць на АЭС, складае каля 20 адсоткаў ад агульнага аб’ёму электраэнэргіі, якая выпрацоўваецца ў краіне.
Зацікаўленасьць Трампа ў больш актыўным разьвіцьці традыцыйных крыніц энэргіі выклікае насьцярожанасьць у змагароў за «абарону клімату». 1 чэрвеня прэзыдэнт ЗША абвясьціў пра выхад з Парыскага пагадненьня па клімаце. На саміце «вялікай дваццаткі», што мае адбыцца ў пачатку ліпеня, як ужо заявілі некаторыя яго ўдзельнікі, асноўная ўвага будзе нададзеная праблеме «глябальнага пацяпленьня».