27 жылых шматпавярховых дамоў у 15 раёнах Ангельшчыны прызнаны неадпаведнымі патрабаваньням пажарнай бясьпекі, заявілі ўлады. Фасады гэтых дамоў абліцаваныя вогненебясьпечным матэрыялам.
Раней улады тэрмінова эвакуявалі жыхароў 650 кватэр у пяці жылых вежах у лёнданскім раёне Камдэн. Такое рашэньне было прынята з-за боязі з неадпаведнасьці абліцоўваньня будынкаў патрабаваньням пажарнай бясьпекі, паведамляе ВВС.
Як высьветлілася, абліцоўка пяці шматпавярховікаў у Камдэне аналягічная той, што выкарыстоўвалася ў шматпавярховым доме Грэнфэл-таўэр, дзе ў выніку пажару, паводле апошніх зьвестак, загінулі па меншай меры 79 чалавек.
У муніцыпальнай радзе лёнданскага раёна Камдэн паведамілі, што ў будынках будуць праведзены работы па замене абліцоўваньня. Працы зоймуць ад трох да чатырох тыдняў. Жыхароў гэтых дамоў перасялілі ў гатэлі і іншыя месцы часовага разьмяшчэньня.