Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску ліквідуюць адзіную вышэйшую навучальную ўстанову


Бабруйскі філіял БДЭУ
Бабруйскі філіял БДЭУ

«Калектыў прыгнечаны. Абяцаюць дапамагчы з працаўладкаваньнем», — распавялі Свабодзе ў філіяле Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, які з 1 верасьня спыняе працу.

У Бабруйску закрываюць адзіную вышэйшую навучальную ўстанову ў горадзе — філіял Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Установа адукацыі ў 2017 годзе мелася адзначыць сваё 20-годзьдзе.

Загад ужо падпісаны і калектыў афіцыйна праінфармаваны, што 1 верасьня філіял спыняе сваю дзейнасьць. Да 28 чэрвеня менскае кіраўніцтва чакае прапановаў, што мусіць быць арганізавана на базе ліквідаванай навучальнай установы.

Маглі б давучыць студэнтаў

Супрацоўнікі філіялу пацьвярджаюць, што 1 верасьня адзінай вышэйшай навучальнай установы ў Бабруйску ня будзе. Аб прычынах закрыцьця гаварыць адмаўляюцца. Кажуць, лепей званіце ў Менск кіраўніцтву ўнівэрсытэту.

«Яны нас адкрывалі, і ў іх ёсьць, відаць, свае довады пра закрыцьцё, — сказала адна з выкладчыц. — Можа, яны вам патлумачаць больш дэталёва, а мы пакрыўджаныя людзі і наша пазыцыя будзе не зусім аб’ектыўнай».

«Мы лічым, што маглі б давучыць нашых студэнтаў, — дадала суразмоўца. — Наагул я настолькі засмучаная гэтай сытуацыяй, што магу расплакацца. Дужа балюча. Абяцаюць нам, што акажуць нейкую дапамогу ў працаўладкаваньні. Пытаньне гэта яшчэ вырашаецца і, відаць, яшчэ ня вырашанае».

Эканамічны ўнівэрсытэт: тэма закрыцьця філіялу вычарпаная

У самім унівэрсытэце адмовіліся гаварыць пра закрыцьцё бабруйскага філіялу. Сказалі, што тэма вычарпаная тымі паведамленьнямі, якія ўжо ёсьць у прэсе. На афіцыйным сайце навучальнай установы пра закрыцьцё філіялу ў Бабруйску абвестак няма. Няма іх і на сайце самога філіялу.

Бабруйчанам цяпер вучыцца давядзецца ў Менску
Бабруйчанам цяпер вучыцца давядзецца ў Менску

Бабруйская прэса называе дзьве прычыны закрыцьця філіялу. Паводле першай, існуе пагроза, што філіял можа не прайсьці дзяржаўнай акрэдытацыі, паколькі ў ім не хапае выкладчыкаў з навуковымі званьнямі. Паводле другой, галаўны ўнівэрсытэт мае праблемы з наборам студэнтаў. Нібыта за апошніх пяць гадоў недабор склаў некалькі тысяч навучэнцаў. За кошт бабруйскага філіялу і спрабуе кіраўніцтва «падцягнуць» колькасьць студэнтаў.

Закрыцьцё філіялу — стрэс для калектыву і гораду

Яшчэ адна прадстаўніца адміністрацыі філіялу адзначыла, што ў калектыве настрой прыгнечаны. Пэрспэктывы працаўладканьня ў выкладчыкаў застаюцца няпэўныя.

«Для нас і гораду закрыцьцё філіялу — стрэс, — сказала яна. — Калектыў пазбаўляецца працы, а горад з 300-тысячным насельніцтвам — статусу ўнівэрсытэцкага».

«Выкладчыкі, безумоўна, знойдуць сабе якую-небудзь працу ў школах, асабліва тыя, хто раней рабіў настаўнікам. Цяжэй будзе тым, хто мае навуковыя званьні, працаваў над сабой, абараняў дысэртацыі. У Бабруйску ім занятак знайсьці будзе немагчыма. Відаць, давядзецца мяняць месца жыхарства».

У філіяле вучацца блізу 700 студэнтаў. Працуюць тры дзясяткі выкладчыкаў і 60 чалавек абслуговага пэрсаналу.

Філіял у Бабруйску быў адкрыты дваццаць гадоў таму. За гэты час было падрыхтавана больш за 5 тысяч спэцыялістаў эканамічнага профілю для прадпрыемстваў розных формаў уласнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG