За тры дні да канца галасаваньня ў архітэктурным конкурсе New London Architecture беларуская царква ў гонар сьвятога Кірылы Тураўскага мае шанцы выйграць у катэгорыі «Народны выбар».
Да галасаваньня ўжо далучыліся беларускія амбасады, МЗС і Рада БНР.
New London Architecture — чарговы конкурс, у якім удзельнічае беларуская царква ў Лёндане. Як пісала Свабода, храм прэтэндуе на ўзнагароду ў трох намінацыях: «Самы энэргаэфэктыўны будынак», «Культура і супольнасьць», «Народны выбар».
У дзьвюх першых намінацыях пераможцаў будзе вызначаць прафэсійнае журы. А вось у катэгорыі «Народны выбар» усё залежыць ад падтрымкі кожнага з намінантаў у сацыяльных сетках.
Як паведаміў Свабодзе Со Цзыўай (Tszwai So), аўтар праекту царквы і кіраўнік архітэктурнага бюро Spheron Architects, за беларускую царкву прагаласавалі каля 150 чалавек у «Твітэры». Сярод іх — вядомы брытанскі журналіст і пісьменьнік Бэн Джуда (Ben Judah).
Да кампаніі ў падтрымку царквы ў конкурсе далучыліся, з аднаго боку, многія беларускія амбасады і Міністэрства замежны спраў, а з другога — Рада Беларускай Народнай Рэспублікі і беларуская грамадзкасьць.
«Незалежна ад паходжаньня, беларусы падтрымліваюць нас, — кажа Со Цзыўай. — Гэта вельмі кранальна. Нават калі мы ня выйграем, нам прыемна, што мы змаглі аб’яднаць беларусаў».
Галасаваньне трывае да 26 чэрвеня. Каб прагаласаваць за беларускую царкву ў «Твітэры», можна перайсьці па спасылцы. Таксама можна галасаваць праз электронную пошту. Па спасылцы трэба ўпісаць сваё імя, адрас пошты, а ў графе «project» — Belarusian Memorial Chapel.