Традыцыйна ў гэты дзень у Берасьці адбыўся парад рэканструктараў у форме Чырвонай Арміі 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Пасьля параду, увечары, асноўныя гуляньні разгарнуліся каля кінатэатру «Беларусь».
Тут былі наладжаныя выставы савецкага плякату, куток савецкага побыту 30-х гадоў, дэманстраваўся «трафэйны» нямецкі матацыкл часоў вайны з партрэтам Сталіна. У адмысловым намёце прадавалася савецкая вайсковая форма, значкі з расейскай сымболікай ды дзіцячыя майкі з надпісам «Армія Расеі».
Сотні ўдзельнікаў рэканструктарскіх клюбаў з розных краінаў у форме Чырвонай Арміі, марскога флёту, НКВД шпацыравалі ўздоўж Савецкай вуліцы. Шмат было апранутых у стылі 30-х гадоў. Берасьцейцы фатаграфаваліся з удзельнікамі рэканструкцыі, слухалі вершы і песьні, прысьвечаныя Другой усясьветнай вайне, аглядалі выставы.
Рэканструкцыя «апошняга мірнага дня» ладзіцца ў Берасьці ўжо ня першы год. Традыцыйна раніцай 22 чэрвеня адбывалася рэканструкцыя баёў «Уварваньне» ў Берасьцейскай крэпасьці.