19 чэрвеня ў Гомлі хавалі прыбіральніцу экспэрымэнтальнага цэху ААТ «Камінтэрн», якая ўчыніла спробу самаспаленьня на прахадной прадпрыемства. Лекары канстатавалі ў жанчыны пяцьдзесят працэнтаў апёкаў цела. Яна памерла на дзясяты дзень пасьля здарэньня.
Разьвітаньне з 55-гадовай жанчынай было нешматлюдным, ціхім і тужлівым. Абабітую бэзавым аксамітам труну нават не адчынялі, яна стаяла ў жалобным катафалку.
З падʼезду панэльнага шматпавярховіка выйшла сталага веку суседка, якую тут завуць Надзеяй:
«Добрыя жанчына была, спакойная, працавітая. Яна і на працу пасьпявала, і лецішча парадкавала сама, калі муж памёр. Дзьве дачкі ў яе, двое ўнукаў. Вельмі станоўчая сямʼя. Зь ёю ніколі ніякіх праблемаў не было. Яна ў двухпакаёвай кватэры жыла адна. Ніякіх шумных кампаній, ніякіх узрушэньняў. Шкада, добрая суседка. Ня ўсе ведалі, што яна памерла. Я сама ў вакно ўгледзела катафалк і выйшла. І многія прыйшлі б. А так разьехаліся — хто на лецішча, хто яшчэ куды. А гэта ж такая бяда! Калі на працы яна ўчыніла самаспаленьне, то там і трэба шукаць канцы. Думаю, што на працы яе й давялі».
Ад «Камінтэрну» на пахаваньне прыехалі з жывымі кветкамі каля дзясятка чалавек.
«Для нас гэта нечуваная трагедыя, — кажа прафсаюзная актывістка, якая назвалася Аленай. — Цяпер, мусіць, ніхто й не даведаецца, чаму яна так паступіла».
На прадпрыемстве адразу пасьля таго, як уранку 9 чэрвеня прыбіральшчыца экспэрымэнтальнага цэху выліла на сябе гаручую вадкасьць і падпаліла адзеньне, тлумачылі, што, маўляў, у жанчыны быў добры заробак і ўмовы працы. А расстроеная яна была нібыта ад таго, што ёй у Расеі не пацьвердзілі васямнаццаць гадоў стажу, дый мужа яна ня так даўно пахавала.
Пазьней у мэдыях пачалі зьяўляцца меркаваньні ад сваякоў, што жанчына працавала ў «Камінтэрне» на паўтары стаўкі. Але палову стаўкі ў яе забралі, а ў верасьні ўжо на пэнсію.
У аддзеле кадраў «Камінтэрну» адмовіліся камэнтаваць працоўныя дачыненьні прадпрыемства зь нябожчыцай. Сказалі толькі, што яна мела з прадпрыемствам бестэрміновую працоўную дамову.
Гендырэктар ААТ «Камінтэрн» Пётар Афончанка сказаў, што гэтай справай займаецца ўпраўленьне Сьледчага камітэту.
«Яны будуць рабіць выснову. Я таксама хачу, каб высьветлілі, хто вінаваты ў гэтай трагедыі. Ці яна сама з прычыны хваробы, ці, магчыма, нашы тут вінаватыя? Не магу даць канкрэтнай інфармацыі, бо яна будзе скажоная. А скажоная інфармацыя яшчэ горшая за сьмерць. Яна была выдатнай працаўніцай. Я, калі б мог, на дзесяць гадоў зь ёй заключыў бы кантракт».
Мужчына з пахавальнай каманды кажа, што пэнсія ў дзьвесьце дзесяць рублёў ці крыху болей за амаль сорак гадоў працы — гэта жыцьцёвая драма для чалавека. Дый для працаўніка таксама, калі яму нечакана зразаюць заробак або пазбаўляюць даплаты, хай сабе і капеечнай:
«Мой знаёмы, яму толькі 36 гадоў было, ступіў зь дзявятага паверху — таксама разьвітаўся з жыцьцём. Мужчына, бацька дваіх дзяцей, бо страчваў працу. А тут — у пастку жанчына трапіла. У дзяржаве трэба мяняць законы, каб аберагаць людзей, а ня віць зь іх вяроўкі».