Менскі мэтрапалітэн паступова пяройдзе на цягнікі Stadler, вырабленыя на сумесным прадпрыемстве «Штадлер-Менск» у Фаніпалі. Пра гэта ў часе паседжаньня беларуска-швайцарскага дзелавога савету паведаміў генэральны дырэктар Stadler Rail Group Пэтэр Шпулер.
«Мы выйгралі конкурс на пастаўку цягнікоў для Менскага мэтрапалітэну, інжынэры зараз працуюць над канструкцыяй новага рухомага складу. Цягнікі для мэтро будуць цалкам зьбірацца на нашым заводзе», — адказаў на пытаньне БелТА Шпулер, дадаўшы, што замова стане «знакавай вяхой» у разьвіцьці прадпрыемства.
Бізнэсовец перакананы, што такім чынам адкрываецца вялізны рынак постсавецкай прасторы. У сваю чаргу, гэта азначае стварэньне новых працоўных месцаў і ўнёсак у валавы нацыянальны прадукт.
Гендырэктар кампаніі таксама апавёў пра сфармаваны партфэль групы кампаній Stadler. Так, на беларускім прадпрыемстве вырабляюцца двухпавярховыя цягнікі для расейскіх Масквы і Санкт-Пецярбургу, выйграны тэндэр на пастаўку трамваяў у чэскую Астраву. Яшчэ адзін буйны праект будзе выконвацца для Вугоршчыны — 40 двухпавярховых цягнікоў.
«Мы вельмі рады, што прынялі рашэньне прыйсьці ў Беларусь, падкрэсьліў Пэтэр Шпулер. — Прайшло пяць гадоў ад таго часу, як была адкрыта наша вытворчасьць у Менску, і мы не шкадуем пра ўкладзеныя інвэстыцыяі», — зазначыў кіраўнік Stadler Rail Group.
«Штадлер Менск» — даччынае прадпрыемства швайцарскай кампаніі Stadler Rail Group. Завод вытворчасьці электрацягнікоў месьціцца ў Фаніпалі.