Адміністрацыя цэнтральнага раёну Менску вынесла на грамадзкае абмеркаваньне распрацаваны кампаніяй «Менскграда» праект дэталёвага плянаваньня ўчастку між вуліцамі Старавіленскай, Кісялёва, Куйбышава і Камуністычнай. Матэрыялы будуць прэзэнтаваныя ў будынку адміністрацыі 26 чэрвеня а 18:30, абмеркаваньне будзе доўжыцца з 23 чэрвеня па 17 ліпеня.
Глядзець плян у высокім разрозьненьні >>
Паводле пляну, усе двухпавярховыя будынкі ў раёне Асмалоўкі будуць зьнесеныя, на іх месцы ў два этапы да 2030 году маюць збудаваць 5-6-павярховыя дамы з крамамі і падземнымі аўтастаянкамі. Пасярод раёну заплянаваная крытая гандлёвая вуліца. Колькасьць насельніцтва плянуецца павялічыць зь цяперашніх 1800 да 3400 чалавек.
Асмалоўка — унікальны мікрараён у самым цэнтры Менску, два малыя кварталы ў межах вуліц Камуністычнай, Куйбышава, Кісялёва і Максіма Багдановіча. Сваю назву бярэ ад прозьвішча распрацоўніка праекту — архітэктара Міхаіла Асмалоўскага. Гэта першы элітны раён у сталіцы, пабудаваны ў 1940-х — пачатку 1950-х гадоў палоннымі немцамі і італьянцамі. У час, калі ў горадзе востра адчуваўся дэфіцыт жыльля, тут у двухпавярховых дамах жылі высокія чыноўнікі, вайскоўцы, а ў мансардах былі майстэрні мастакоў.
Спрэчкі вакол лёсу Асмалоўкі вядуцца не адзін год, на разглядзе Міністэрства культуры Беларусі знаходзіцца прапанова аб наданьні Асмалоўцы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Раней раён «ратавала» адсутнасьць грошай у інвэстараў.