Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Арэшкін: Пуціна і Лукашэнку зьвязвае адна і тая ж мадэль — безальтэрнатыўнасьць


Расейскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін
Расейскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін

Дзень Расеі стаў падставай да масавых акцый пратэсту, да якіх заклікаў расейскі палітык, заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксей Навальны.

Мітынгі і шэсьці заплянаваныя больш як у 200 гарадах, першымі на вуліцы выйшлі жыхары Далёкага Ўсходу, правааабаронцы ўжо зафіксавалі выпадкі разгонаў і затрыманьняў.

Расейскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін падзяліўся са Свабодай думкамі наконт таго, ці гатовыя грамадзяне Расеі пратэставаць супраць існага рэжыму, ці гатовы Аляксей Навальны стаць маральным аўтарытэтам апазыцыі і ці прасочваюцца нейкія паралелі з сытуацыяй у Беларусі.

— Дзьмітрый Барысавіч, з вашага гледзішча, наколькі масава апанэнты Крамля гатовыя выходзіць на такога кшталту акцыі пратэсту і ці зьвязана гэта наўпрост з уплывам Аляксея Навальнага на грамадзтва?

— Я б не пераацэньваў масавай гатовасьці грамадзтва. Гаворка перадусім пра Маскву і найбольш буйныя гарады, а чым далей ад сталіцы, тым цяжэй зьбіраць падтрымку. Размовы пра тое, што цярпеньне закончылася, мне падаюцца дачаснымі. Не закончылася яшчэ. Хоць як дыягнастычная прыкмета — гэта абсалютна правільна. То бок, раздражненьне, неразуменьне, пратэст нарастаюць. Але ўсё гэта не знаходзіць у сабе выразнага ўвасабленьня, выразнай формы і нават выразнага лідэра.

Навальны ўсё ж яшчэ лідэр ня самай вялікай групы насельніцтва. З майго гледзішча, шмат будзе залежаць ад таго, наколькі жорстка сёньня разгоняць акцыю і колькі народу на яе выйдзе. Я ня маю адказу, бо сытуацыя абсалютна непрадказальная. І якраз у гэтым яе цікавасьць. Яна становіцца якасна новай. Усе ранейшыя сацыялягічныя дасьледаваньні папросту неактульныя і ў цяперашняй сытуацыі не працуюць. Сытуацыя ўжо прынцыпова іншая, і ў гэтым сэнсе Навальны ўжо зусім іншы лідэр.

Акцыя пратэсту ў Новасібірску
Акцыя пратэсту ў Новасібірску

— Аляксей Навальны пасьля забойства Барыса Нямцова найбольш асацыюецца з роляй рэальнага апанэнта Ўладзіміра Пуціна. Гэта так?

— Сапраўды, ягоная роля вельмі вялікая. Таму што ў той сытуацыі, якую Пуцін стварыў — яе можна назваць плебесцытарнай — альтэрнатывы, па сутнасьці, няма. Або Пуцін, або ніхто. Адпаведна, на выбарах мы можам падтрымліваць з аднаго боку Пуціна, з другога — ня важна, каго. Бо ўсе астатнія адным колерам, адным памерам, ніякай ролі ня граюць. І раптам зьяўляецца Навальны, які ламае звыклую карцінку сьвету, якая ў Расеі ўсталявалася за апошнія 15 гадоў. То бок, дзе ёсьць Пуцін і ёсьць нейкія людзі, якія заведама яму саступаюць. Дык вось Навальны здолеў зьмяніць гэтую карцінку ў галовах значнай часткі суайчыньнікаў.

Прычым я думаю, што за мяжой гэта адчуваецца нават вастрэй, таму што людзі чэрпаюць інфармацыю з мэдыя, а мы ва ўсім гэтым хоць і жывём, але знутры не заўсёды адэкватна ацэньваем. У Навальнага ўжо такая сытуацыя, калі нават дзяржаўныя СМІ працуюць на яго. Хочуць яму жыцьцё сапсаваць, а на самой справе расказваюць пра яго як пра альтэрнатыву. А грамадзкая супольнасьць міжволі пачынае задумвацца пра тое, хто ж такі гэты Навальны. Нават апошняе апытаньне «Левада-центра» паказала, што ён увайшоў у пяцёрку самых вядомых і самых папулярных палітыкаў Расеі. Дзякуючы ў тым ліку і таму, што яго ўвесь час паліваюць па тэлевізары.

Пратэст ва Ўладзівастоку
Пратэст ва Ўладзівастоку

— Наколькі небясьпечна ў сучаснай Расеі выказваць падтрымку Аляксею Навальнаму?

— Адказ «так» на карысьць Навальнага не зьяўляецца сацыяльна ўхвальным. Іншымі словамі, усё ж трэба мець пэўную мужнасьць, каб сказаць: «Я падтрымліваю Навальнага». Таму нават лічбы сацыялёгіі можна аўтаматычна памнажаць на 2-3 — ня кожны яшчэ здольны прызнацца ў падтрымцы публічна, хоць падсьвядома з прыярытэтамі ўжо вызначыўся. І чым Навальны становіцца больш вядомы, чым сытуацыя больш расчароўвае насельніцтва, тым больш вакол Навальнага будзе гуртавацца людзей, якія схільныя выказваць яму падтрымку, схільныя яму давяраць. Выбудаваная самім Пуціным схема, калі нібыта нікога няма канкурэнтаздольнага, у сытуацыі расчараваньня для ўлады папросту небясьпечная.

Гэта значыць, падняліся з каленяў, усіх перамаглі, а цэны растуць, заробкі падаюць: працуй не працуй, а грошай больш ня будзе. Назапашваецца неразуменьне і раздражнёнасьць. І ў такой сытуацыі Навальны — ужо адзіны варыянт, бо зразумела, што ні Зюганаў, ні Жырыноўскі, ні Міронаў альтэрнатывай не зьяўляюцца. Таму сама па сабе пуцінская мадэль цяпер падтрымлівае Навальнага, бо ён рэальная альтэрнатыва. Бо безальтэрнатыўнасьць пачынае людзей крыху раздражняць. Хоць ясна, што сытуацыя яшчэ не дасьпела, размовы пра каляровую рэвалюцыю ды іншае пакуль здаюцца неактуальнымі.

Пратэст у Новасібірску
Пратэст у Новасібірску

— Якія шанцы, што Навальны можа ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах — з улікам ранейшых судзімасьцяў і верагоднасьці новых перасьледаў за пратэставыя акцыі?

— Ды ніякіх. Зразумела, што ня будзе ён удзельнічаць у выбарах. З пункту гледжаньня ўлады, нельга яго да іх дапускаць, бо ён тады будзе выступаць на тэлебачаньні і такога панарасказвае, што мала нікому не падасца. А ён такім правам скарыстаецца ў поўнай меры. Таму ўжо сёньня відавочна, што не зарэгіструюць, нават пытаньняў няма. Зноў жа, мадэль, якую выбудаваў Пуцін — гэтак жа, як і Лукашэнка — мае на ўвазе, што ёсьць толькі адзін лідэр.

Усе астатнія паводле папярэдняй дамоўленасьці могуць яму хіба што асыставаць. Але ні ў якім разе не канкураваць. Усе павінны разумець, што ёсьць правілы гульні: ёсьць адзін галоўны, і яшчэ камусьці могуць дазволіць выступіць у якасьці спарынг-партнэра — зноў жа, калі папярэдне дазволілі. А Навальны якраз тым і палохае, што стварае свой уласны парадак дня.

Пратэст у Новасібірску
Пратэст у Новасібірску

— Наколькі расейцы баяцца рэпрэсій? У Беларусі надзвычай актыўна пачыналася пратэставая вясна, паўсталі нават гарады, дзе выступаў не было ад пачатку 1990-х; сотні людзей былі затрыманыя і пакараныя. Як вынік, стаўка на рэпрэсіі спрацавала, «рэвалюцыйны імпэт» быў зьбіты.

— Таксама баяцца, вядома. Проста ў Беларусі разгоны адбываюцца больш жорстка і безапэляцыйна. Усё ж нейкі час Пуцін паводзіў сябе больш мякка, але цяпер яму ўсё часьцей даводзіцца капіяваць Лукашэнку. Бо галоўнае, што іх зьвязвае, гэта адна і тая ж мадэль — безальтэрнатыўнасьць. Я ня ведаю, як у Беларусі, але ў Маскве, перадусім у прасунутых сацыяльных колах, людзі пачынаюць разумець, што без альтэрнатывы ўсё коціцца невядома куды. І, прашу прабачэньня, не Яўлінскаму ж наканавана стаць той альтэрнатывай, сёньня яе ўяўляе толькі Навальны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG