Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карціны Шагала спалучылі з сучаснымі краявідамі Віцебску


Фотамастак Віктар Барысенкаў здолеў «ужывіць» жывапісны Віцебск Марка Шагала ў краявіды сучаснага гораду. Інакш кажучы, дапамог убачыць у цяперашнім гарадзкім абліччы тое, што калісьці натхняла ўсясьветна вядомага мастака.

Паводле Віктара Барысенкава, на карцінах Шагала віцебскія краявіды досыць пазнавальныя:

Віктар Барысенкаў
Віктар Барысенкаў

«Нягледзячы на тое, што ў шагалаўскім жывапісе Віцебск выглядае фантастычным, ён насамрэч вельмі сапраўдны. Я быў уражаны дакладнасьцю прапорцый будынкаў, якія ўжо лічацца помнікамі архітэктуры, а тады былі штодзённым, звычайным атачэньнем мастака! Але было не заўжды лёгка знайсьці ў горадзе той пункт, зь якога бачыў той ці іншы краявід сам Шагал. Дзеля гэтага я ўважліва вывучаў ягоныя ўспаміны — аўтабіяграфічную кнігу „Моя жизнь“, успаміны Бэлы Шагал, яе кнігу „Горящие огни“. Аднойчы мне давялося разоў сем прыяжджаць на адно і тое ж месца, каб зафіксаваць заход сонца, адпаведны настрою мастака».​

Віцебск паводле ўспамінаў Марка Шагала
Віцебск паводле ўспамінаў Марка Шагала

Віктар Барысенкаў ня толькі фатаграфуе — ён спалучае сучаснасьць з гісторыяй. Свае творы ён называе «фантомамі» — бо на іх відаць тое, чаго няма ў рэальнасьці. Або «фотапраекцыямі». Кожны глядач павінен самастойна вырашыць: ці гэта гістарычная выява гораду накладаецца на сучасную з дапамогай адмысловай кампутарнай праграмы, ці наадварот...

Віктар Барысенкаў ужо даўно вядомы сваімі працамі, на якіх паўстаюць страчаныя помнікі архітэктуры — у тых самых месцах, дзе яны калісьці былі. Такім чынам сучасьнікі могуць убачыць, як глядзеліся б гістарычныя будынкі, калі б ім было суджана захавацца.

А вось з мастацкімі творамі спадар Барысенкаў працаваў упершыню. Прынамсі, упершыню плён гэтае працы могуць убачыць наведнікі арт-цэнтру Марка Шагала. Выстава называецца «Как давно, мой город любимый, я не видел тебя...». Гэта цытата з паэтычнага звароту Шагала «К моему городу Витебску», апублікаванага ў 1944 годзе ў Нью-Ёрку ў часопісе «Эйнікайт» («Адзінства»).

Экспазыцыя фотапраекцый стала пачаткам цыклю імпрэзаў, прысьвечаных 130-м угодкам славутага мастака.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG