Прадстаўнік дзяржаўнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда распавёў у інтэрвію «Советской Белоруссии» аб прыкладзе таго, як праз размытасьць фармулёвак у працоўным заканадаўстве некаторыя працадаўцы «сваволяць»: на адным менскім заводзе са 110 супрацоўнікамі працадаўца вызначыў працоўны дзень роўным 48 хвілінам.
Праца на заводзе з 8:00 да 8:48 прыносіла, адпаведна, вельмі малыя заробкі — такім чынам працадаўца штурхаў «непажаданых» работнікаў да звальненьня. Ці скасавалі такі «скарочаны» працоўны дзень і ці пакаралі працадаўцу, не паведамляецца.
Гэта законна?
Старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч на просьбу Свабоды пракамэнтаваць законнасьць 48-хвіліннага працоўнага дня зьдзівіўся: пра такі выпадак ня чуў. Але падкрэсьліў, што гэта незаконна і што існуюць законныя шляхі, як змагацца супраць такога. Маўляў, калі б знайшліся работнікі заводу, што пагадзіліся б напісаць заяву, РЭП мог бы дапамагчы і на рашэньне праблемы не пайшло б шмат часу.
«Навошта кожны дзень хадзіць на працу, калі працы няма? — зьдзіўляецца Фядыніч. — Я ведаю, што, наадварот, прадпрыемствы, якія маюць хоць нейкую рэалізацыю, прапануюць людзям захопліваць першую і другую зьмену, каб працавалі па 10 гадзін. Такія выпадкі я ведаю, а што Орда агучыў, я ня маю такой інфармацыі.
Бывала, што заводы пераходзілі на 4-дзённы працоўны дзень, на „трохдзёнку“, на Гомельшчыне на „двухдзёнку“. Але гэта было раней. Цяпер толькі на пачатку ліпеня будзем ведаць, што там робіцца з прадпрыемствамі, хто як працуе. Але сёньня такіх выпадкаў ня ведаю. Што там думае дырэктар і як гэта людзі прыходзяць і праз гадзіну сыходзяць?!
Гэта незаконна, ёсьць жа кантракт. Бываюць хіба выключныя сытуацыі, калі, напрыклад, няма дэталяў. Але тады чалавеку павінны аплочваць прастой: па віне наймальніка ён ня ходзіць на працу, трэба плаціць грошы, хай і невялікія, але чалавек не павінен зьяўляцца на працу, калі яе няма.
Але ж мы ня ведаем, якія на тым заводзе стасункі. Мабыць, наймальнік гаворыць: „Вы ж пачакайце“. А нашых людзей умеюць „абуваць“, і яны падманваюцца гэтымі байкамі. Ніхто ж ня думае, як чалавеку карміць сям’ю і камуналку плаціць — зьнікае інтарэс у наймальніка».
Аднагадовыя кантракты: адрэгуляваць ці скасаваць?
Орда таксама крытыкаваў раптоўныя зьмены ўмоваў працы пад пагрозай звальненьня, згадваў праблему аднагадовых кантрактаў. Сыстэма кантрактаў, на яго думку, патрабуе ўдасканаленьня, каб «пры складанай эканамічнай сытуацыі кіраўнік ня меў магчымасьці вырашаць праблемы за кошт работніка».
Ён прапанаваў «даць людзям больш гарантыяў стабільнасьці»: калі чалавек адпрацаваў год без прэтэнзій і заўваг, абавязаць заключаць наступны кантракт ня менш як на тры гады.
Фядыніч мае іншую ідэю: адмовіцца ад кантрактнай сыстэмы.
«Сыстэма ў першую чаргу дзейнічае на тых людзей, хто сёньня адстойвае свае правы, свае законныя інтарэсы. Гэтых людзей, як кантракт сканчаецца, звальняюць — і ніхто ім не тлумачыць, зь якой прычыны. Орда ж ніколі не працаваў на прадпрыемстве і ня ведае, што гэта такое!
Кантракты павінны быць скасаваныя, трэба пераходзіць да бестэрміновай працоўнай дамовы, як было раней. Калі чалавек не спраўляецца, то ў Працоўным кодэксе хапае артыкулаў, паводле якіх яго можна звольніць. Але гэта трэба рабіць законна. А цяпер перазаключэньне кантрактаў — гэта ж не абавязак наймальніка, а ягонае права.
У ФБП ні пры Ордзе, ні пры Козіку — ніколі — не было мэтаў скасаваць кантрактную сыстэму, хоць гэта, безумоўна, зьдзек зь людзей. А тое, што нехта гаворыць, што вось дамагаемся кантрактаў на два гады, на тры... Ну, ёсьць такія выпадкі. Але ж усё роўна ніхто не палічыў, калі кантракт канчаецца, колькі чалавек маральных сілаў траціць ваганьні, ці працягнуць кантракт, ці не працягнуць. Трэба ж пра чалавека думаць, а не пра кантракт, тады гэта будзе Фэдэрацыя».