Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўніца ў Магілёве запрасіла апазыцыянэра на размову. І не прыйшла


Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

Першаму намесьніку старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігару Барысаву не ўдалося данесьці да Магілёўскага аблвыканкаму сваю пазыцыю наконт удзелу расейскіх сьпевакоў на канцэрце, прымеркаваным да Дня Незалежнасьці 3 ліпеня.

Чыноўніца, якая запрасіла актывіста на гутарку, не прыйшла. Барысаў пакінуў запіс у кнізе скаргаў і прапаноў аблвыканкаму.

«Лічу падобнае стаўленьне да грамадзян і правядзеньне канцэрту расейскіх сьпевакоў у Магілёве недапушчальным і абразьлівым», — напісаў там Барысаў.

2 чэрвеня партыец у сваім лісьце магілёўскім уладам запатрабаваў адмовіцца ад паслугаў Алега Газманава, Льва Лешчанкі ды Аляксея Верабʼёва, а запрасіць айчынных зорак эстрады. Зэканомленыя сродкі ён прапанаваў пусьціць на вырашэньне сацыяльных праблемаў гораду.

6 чэрвеня, як кажа Ігар Барысаў, яму пазваніла начальніца ўпраўленьня культуры аблвыканкаму Алена Баброва. Калі ж актывіст прыйшоў на сустрэчу, яму сказалі, што начальніца ў адпачынку.

«Тое, што мяне выклікалі ў аблвыканкам, — сьведчаньне розгаласу, які падняўся пасьля лістоў пратэсту супраць выступу расейскіх сьпевакоў у Магілёве. Пра гэта напісалі многія незалежныя мэдыі, былі камэнтары. На маю думку, аўдыторыя, якая падтрымала пратэст, склала дзясяткі тысяч чалавек. Я ня ўбачыў ніводнага камэнтара ў падтрымку Газманава ці Лешчанкі», — сказаў журналістам Ігар Барысаў.

На думку партыйца, хоць візыт у аблвыканкам аказаўся няўдалым, але дыскусія наконт расейскіх сьпевакоў на Дні Незалежнасьці ня скончаная. Неўзабаве, кажа ён будзе складзеная пэтыцыя з пратэстам. Сабраўшы подпісы, яе накіруюць у адміністрацыю Лукашэнкі, Міністэрства культуры і Магілёўскі аблвыканкам.

«Каб яны нарэшце паставілі кропку на запрашэньнях расейскіх сьпевакоў на ўрачыстасьці, якія тычацца незалежнасьці Беларусі ды іншых знакавых датаў нашай дзяржаўнасьці. Я кажу пра тых беларускіх сьпевакоў, якія сьпяваюць і па-беларуску, і па-расейску, і па-ангельску і маюць беларускія карані», — кажа Ігар Барысаў.

Запіс у кнізе скаргаў і прапаноў пра недапушчальнасьць канцэрту расейскіх сьпевакоў у Магілёве
Запіс у кнізе скаргаў і прапаноў пра недапушчальнасьць канцэрту расейскіх сьпевакоў у Магілёве

Барысаў кажа, што яго падтрымліваюць многія магілёўцы, якія, як і ён, лічаць, што замест расейскіх артыстаў, якія проста вывезуць валюту зь Беларусі, грошы варта пусьціць на сацыяльныя патрэбы гораду і рамонт.

За выступ на канцэрце расейскім сьпевакам з абласнога бюджэту выдзелена 156 600 рублёў (больш за 84 тысячы даляраў).

«У тэлефоннай гутарцы чыноўніца сказала, — працягвае Барысаў, — што хацела б больш падрабязна расказаць пра ўрачыстасьці, якія павінны адбыцца ў вобласьці, і ня толькі гэтыя трое расейскіх сьпевакоў будуць удзельнічаць у Дні Незалежнасьці. Што ўдзельнікаў будзе значна больш, і чаму, маўляў, я акцэнтую ўвагу толькі менавіта на трох расейцах», — пераказвае тэлефонную гутарку з чыноўніцай Ігар Барысаў.

Са слоў чыноўніцы, што ў канцэрце будуць сьпяваць ня толькі трое згаданых расейскіх артыстаў, партыец зрабіў выснову, што патрацяць на яго нашмат большыя грошы.

«З тых імёнаў, якія яна называла праз тэлефон, я не пачуў такіх, якія на слыху ў Беларусі», — кажа Барысаў.

«Выходзіць, Дзень Незалежнасьці — гэта каляніяльнае сьвята, бо на яго мы запрашаем не сваіх, — кажа ён. — Чаму мы не папулярызуем сваіх сьпевакоў, сваю культуру? Тыя ж беларускія ўдзельнікі Эўравізіі, якія днямі сабралі на пляцоўцы перад ратушай у Менску аншляг. На гэта мая суразмоўніца адказала, што іх ніхто ня ведае, а сьпевы таго ж Верабʼёва чуваць „зь любога праса“. Яна сказала, што праводзіліся кансультацыі з моладзьдзю».

Барысаў сказаў журналістам, што сваёй пазыцыяй чыноўнікі актыўна папулярызуюць расейскую эстраду і культуру. Ён прыгадаў таксама спробы паставіць у Магілёве помнік расейскаму цару Мікалаю ІІ, супраць чаго таксама пісаліся пратэсты.

«Адчуваньне, што ўпраўленьні культуры ў гарвыканкаме, аблвыканкаме не прабеларускія, — кажа Ігар Барысаў. — Там ніхто не гаворыць на беларускай мове, таму складаецца ўражаньне, што гэтыя структуры — філіялы адпаведных структур Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG