Гомельскія рэгіянальныя праваабаронцы «Беларускага Хэльсынскага камітэту» адмыслова заняліся пытаньнем сацыяльна-прававой неабароненасьці грамадзянаў Беларусі цыганскага паходжаньня.
27 траўня ў гарамадзка-палітычным цэнтры па вуліцы Палескай з удзелам прадстаўнікоў насельніцтва рома зладжаны «круглы стол» на гэтую тэму — першы з шэрагу заплянаваных мерапрыемстваў для падвышэньня ў грамадзтве сацыяльнага статусу гомельскіх цыганоў.
Грамадзкі актывіст Алесь Яўсеенка патлумачыў, што ён з паплечнікамі «цыганскім пытаньнем» заняўся ад душы, бо сярод ромаў мае сяброў. У іншых ёсьць нават кумаўскія повязі.
Як і ў любым асяродку, сярод цыганоў існуе беднасьць, малапісьменнасьць, іх часьцей не бяруць на працу з надуманых і часам перадузятых прычынаў. Яны пэрыядычна маюць праблемы з праваахоўнымі органамі. Яўсеенка патлумачыў, што браў у Кіеве ўдзел у працы рабочай групы ў рамках ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства», дзе абмяркоўваліся пытаньні існаваньня нацыянальных меншасьцяў.
«У Беларусі, як я паглядзеў і параўнаў, — заявіў актывіст Яўсеенка, — бяспраўныя ня толькі цыганы, але й карэннае беларускае насельніцтва».
Выкладчык ўнівэрсытэту імя Францішка Cкарыны, дацэнт Віктар Адзіночанка зазначыў, што, паводле перапісу 2009 году, у Беларусі налічвалася крыху больш, як 7 тысяч цыганоў, у тым ліку дзьве з паловай тысячы — на Гомельшчыне. Каля 30 адсоткаў цыганоў ва ўзросьце дзесяці гадоў і старэйшыя ня ўмеюць чытаць і пісаць. Вышэйшую адукацыю маюць ня больш як 2 адсоткі цыганоў.
Ёсьць праблемы з працаўладкаваньнем, бо толькі траціна жанчын ва ўзросьце 25-45 гадоў і 20 адсоткаў мужчынаў цыганскай нацыянальнасьці маюць працу. Яны у большай ступені падпалі пад «дармаедзкі» дэкрэт № 3.
Трыццаціпяцігадовы Вячаслаў Ануфрыеў кажа, што абышоў у свой час шэраг прадпрыемстваў, пакуль нарэшце ўладкаваўся грузчыкам. Раней падпрацоўваў неафіцыйна, атрымаў цяжкую траўму рукі — ніякай кампэнсацыі на лячэньне не атрымаў.
Яшчэ адзін прадстаўнік цыганскай грамады, Жан Ануфрыеў, лічыць, што цыганы неканкурэнтаздольныя на рынку працы з прычыны малапісьменнасьці. І праблема ў тым, каб падвысіць матывацыю ромаў да свайго адукацыйнага ўзроўню.
Грамадзкая актывістка Марыя Клімовіч апавяла пра захады ў пераадоленьні «моўнай варожасьці» ў дачыненьні да цыганоў. Ёй асабіста даводзілася зьвяртацца ў Міністэрства інфармацыі, каб мясцовыя СМІ, а таксама ведамасная газэта Міністэрства ўнутраных спраў «На страже» спынілі праз публікацыі беспадстаўнае стварэньне ў грамадзтве адмоўнага іміджу цыганоў, калі людзей нават заклікалі баяцца цыганоў.
У бліжэйшы час у Гомлі, а таксама ў месцах кампактнага пражываньня — паселішчах Бальшавік, Прыбар — будуць арганізаваны для цыганоў кансультацыі па жыльлёвых, сямейных ды іншых прававых пытаньнях. Зроблены будзе й маніторынг надзённых праблемаў і чаканьняў жыхароў цыганскай нацыянальнасьці.
«Мы маем навучыць ромаў абараняць свае правы, а таксама дапамагчы ім адчуць сябе ў беларускім грамадзтве яго паўнавартаснаю часткаю. У Беларусі яны жывуць спрадвеку, але жывуць у бальшыні замкнёна, не заўсёды сацыялізаваны ў грамадзтва. Ромы мусіць ведаць, што ў іх такія ж правы, як і ў іншай часткі насельніцтва Беларусі», — кажа Віктар Адзіночанка.