Беларускамоўная пісьменьніца Крыму Аліса Бізяева кліча 25 траўня а 15-00 ў ялцінскую кавярню «Прасад»:
«Запрашаю сабрацца на літаратурныя чытаньні, атрымаць асалоду ад гучаньня беларускай літаратурнай мовы, адным са стваральнікаў якой ёсьць Максім Багдановіч. Я пачытаю вершы паэта, а таксама прозу са сваёй кнігі».
27 траўня — фэстываль творчых калектываў беларусаў Крыму.
Максім Багдановіч быў у Ялце двойчы — лячыўся ад сухотаў. Дом, дзе памёр паэт, не захаваўся, на яго месцы стаіць клюб санаторыю Чарнаморскага флёту. У мясцовым музэі экспануецца кніга, дзе зарэгістраваная сьмерць Максіма.
А будынак, дзе Багдановіч жыў на пансіёне ў свой першы прыезд, у 1909 годзе, захаваўся — ён стаіць на вуліцы, што цяпер носіць імя Максіма Багдановіча. Дом адрамантаваны, мэмарыяльная шыльда на ім нагадвае, што тут жыў Максім.
Цяпер тут разьмешчана рамонтна-будаўнічае ўпраўленьне «Ялтакурорт», і будаўнікі абуладкавалі ў будынку куточак, прысьвечаны Максіму — там ягоны партрэт, кніжкі, кветкі.