Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымы візавы рэжым Украіны з Расеяй не закране саюзную з апошняй Беларусь


Ва Ўкраіне дыскусіі пра ўвядзеньне візавага рэжыму з Расеяю пачаліся ў сакавіку 2014 году — адразу пасьля анэксіі Крыму і пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе.

Тады Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны рэкамэндавала Міністэрству замежных спраў забясьпечыць мэханізм увядзеньня візаў для расейцаў, якія наведваюць Украіну. Але з тых часоў адзінай зьменай у расейска-ўкраінскім памежным кантролі стала адмова ад выкарыстаньня ўнутраных пашпартоў для ўзаемных паездак.

Зачыніць за сабой дзьверы постсавецкай прасторы

Новую (ужо чацьвёртую) хвалю дыскусіі пра неабходнасьць візавага рэжыму між Украінаю ды Расеяю спарадзіла забарона ва Ўкраіне шэрагу расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку і сацыяльных сетак, а таксама візавая лібэралізацыя дачыненьняў краіны з Эўразьвязам.

Леанід Емец
Леанід Емец

Пасьля атрыманьня бязьвізавага рэжыму з Эўропай гэта абсалютна лягічны шлях. Трэба ня проста зайсьці ў Эўропу, але і зачыніць за сабой дзьверы постсавецкай прасторы.

«Пасьля атрыманьня бязьвізавага рэжыму з Эўропай гэта абсалютна лягічны шлях. Трэба ня проста зайсьці ў Эўропу, але і зачыніць за сабой дзьверы постсавецкай прасторы. На сёньня пытаньне візаў з Расеяй — гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі», — кажа дэпутат Леанід Емец, які прадстаўляе фракцыю «Народны фронт». Менавіта гэтая фракцыя застаецца ініцыятарам і галоўным рухавіком увядзеньня візавага рэжыму з Расеяй.

Перашкаджае захопленая Расеяй частка мяжы на Данбасе

Тым часам калегі «Народнага фронту» па ўрадавай кааліцыі з Блёку Пятра Парашэнкі пакуль не падтрымліваюць гэтай ініцыятывы. Сярод іхных аргумэнтаў — участак расейска-ўкраінскай мяжы на Данбасе, што застаецца некантраляваным; вялікая колькасьць украінцаў, якія працуюць у Расеі, а таксама праўкраінскіх грамадзян, што жывуць у Крыме. «Тым самым мы дамо ім (Расеі. — РС) магчымасьць адрэзаць нашых грамадзян у Крыме», — сказаў прадстаўнік БПП Аляксей Ганчарэнка.

Аляксей Ганчарэнка
Аляксей Ганчарэнка

Тым самым мы дамо Расеі магчымасьць адрэзаць нашых грамадзян у Крыме.

Дэпутаты таксама заклапочаныя павелічэньнем фінансавых выдаткаў на адкрыцьцё дадатковых расейскіх кансулятаў у абласных цэнтрах, што будзе патрэбна пры ўвядзеньні візавага рэжыму з Расеяй.

Пакуль у гэтым пытаньні ў парлямэнце няма кансэнсусу, і як вынік — адпаведная заканадаўчая ініцыятыва ня ўнесеная на разгляд у сэсійную залю. Але гэта не азначае, што ў будучыні сытуацыя ня зьменіцца. Чаго ў такім выпадку трэба чакаць беларускім грамадзянам, і ці не распаўсюдзіцца норма пра візавы рэжым з Расеяю на саюзную зь ёй Беларусь?

Ці магчымыя візы і для беларусаў?

Выканаўчы дырэктар Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» (Кіеў) Аляксандар Лявонаў мяркуе, што ў выпадку ўвядзеньня візавага рэжыму з Расеяю Ўкраіна вымушаная будзе ўзмацніць і кантроль за перамяшчэньнем грамадзян празь мяжу зь Беларусьсю.

Увядзеньне візаў для Беларусі не разглядаецца ва Ўкраіне. Беларусь разглядаецца ў адрыве ад Расеі.

«Галоўнае пытаньне — гэта візы для Расеі, хоць тут ёсьць адзін нюанс, што мяжа зь Беларусьсю — адкрытая і давядзецца ўрэгуляваць пытаньне ўезду расейскіх грамадзян з боку Беларусі. Увядзеньне візаў для Беларусі не разглядаецца ва Ўкраіне. Беларусь разглядаецца ў адрыве ад Расеі. Але і ўвядзеньне візаў для Расеі — дастаткова контравэрсійнае пытаньне», — адзначыў ён.

Разам з тым, паводле палітоляга, у выпадку рэальнай пагрозы з поўначы ў кантэксьце заплянаваных на восень супольных расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017» спатрэбіцца ўмацоўваць мяжу і на гэтым кірунку. «Фармальна існуючы бязьвізавы рэжым між Расеяю ды Ўкраінаю ўжо даўно ня дзейнічае, бо Ўкраіна яшчэ з 2014 году ня ўсім грамадзянам дазваляе ўезд на сваю тэрыторыю. Таму хутчэй такія ж захады могуць быць верагоднымі і ў дачыненьнях зь Беларусьсю, то бок фармальна ня ўводзіцца ніякіх абмежаваньняў, дзейнічаюць усе старыя дамоўленасьці, але адбываецца пэўная фільтрацыя асобаў і сапраўды ўмацаваньне памежнага рэжыму і кантролю», — патлумачыў Аляксандар Лявонаў.

Візы не дапамогуць спыніць расейскую анэксію Крыму і агрэсію на Данбасе

«Мяркую, што ўвядзеньне візаў для Беларусі — гэта не прадуктыўна», — сказаў Радыё Свабода былы амбасадар Украіны ў Беларусі Валянцін Налівайчанка. Але і візавыя абмежаваньні для грамадзян Расеі, на ягоную думку, не дапамогуць спыніць расейскую агрэсію на Данбасе.

Валянцін Налівайчанка
Валянцін Налівайчанка

Валянцін Налівайчанка расказаў, што яшчэ падчас ягонага кіраўніцтва Службаю бясьпекі Ўкраіны, пачынаючы з сакавіка 2014 году, былі ўведзеныя жорсткія абмежавальныя захады ў дачыненьні да расейскіх грамадзян, датычных да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны.

«На другім этапе гэтае абмежаваньне было распаўсюджана на тых, хто ў сваіх выказваньнях ставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, а на трэцім — ужо разам зь міжнароднаю супольнасьцю — прымяненьне жорсткіх абмежаваньняў ня толькі на ўезд, але і на затрыманьне ці арышт асобаў, якія падазраюцца ці датычныя да тэрарыстычных актаў на часова акупаваных тэрыторыях», — адзначыў ён.

Паводле палітыка, асаблівыя пытаньні пры ўвядзеньні візавага рэжыму з Расеяй будуць узьнікаць на некантраляваным участку мяжы на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей.

Калі ёсьць часова акупаваныя тэрыторыі, трэба казаць ня проста пра візавы рэжым, а пра жорсткія абмежавальныя захады на ўезд.

«Можна разважаць пра візавы рэжым, калі ёсьць кантроль за мяжой. А калі ёсьць часова акупаваныя тэрыторыі, трэба казаць ня проста пра візавы рэжым, а пра жорсткія абмежавальныя захады на ўезд. Гэта значна больш жорсткі рэжым, чым візавы», — перакананы Валянцін Налівайчанка.

Апроч таго, не выключае ён, увядзеньне візаў можа суправаджацца спакусаю незаконнага іх атрыманьня.

«Нават у Эўразьвязе былі такія выпадкі. Візу нельга выкарыстоўваць як фэтыш. Трэба дакладна разумець, ці зможам мы сябе засьцерагчы ад таго, каб у тым ліку і зь візай да нас не трапілі правапарушальнікі ці людзі, якія ўяўляюць пагрозу нашай нацыянальнай бясьпецы. Трэба быць больш жорсткімі. Навошта выкарыстоўваць тое, што як мэханізм слабае, а як наступствы для простых грамадзян, у тым ліку для тых, хто працуе ў Расеі, — адчувальнае? Расейскі бок з задавальненьнем увядзе візавы рэжым для грамадзян Украіны на наступны дзень пасьля таго, як Украіна пойдзе на гэта. Патрэбен візавы рэжым, але тады, калі будзе адноўлены кантроль на мяжы», — падкрэсьліў Валянцін Налівайчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG