Расея і Беларусь дамовіліся пра зьняцьце абмежаваньняў на пастаўку сельгаспрадукцыі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта 22 траўня паведаміў міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў.
«Перамовы толькі што скончыліся. Мы вельмі інтэнсіўна абмяркоўвалі зь беларускім бокам розныя падходы і ўзаемныя прэтэнзіі. Тым ня менш мы сёньня „адкрылі“ 2 прадпрыемствы па перапрацоўцы мяса, якія будуць пастаўляць у асноўным ялавічыну на расейскі рынак, і 7 малаказаводаў, якія будуць пастаўляць на расейскі рынак натуральнамалочную прадукцыю», — сказаў міністар.
Паводле яго, перамовы пра адкрыцьцё астатніх беларускіх прадпрыемстваў пройдуць празь 7-10 дзён.
У сярэдзіне траўня Фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду (Рассельгаснагляд) Расеі прад’явіла прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай прадукцыі, а таксама даклала «пра новыя схемы махлярства пры пастаўках малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь».
Паведамлялася, што ў пэрыяд з 25 красавіка па 12 траўня былі дасьледаваныя 83 пробы сухога малака зь Беларусі. У 29 узорах «выяўлена рэшткавая колькасьць вэтэрынарных прэпаратаў групаў хіналёнаў, макралідаў і лінказамідаў».
Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіла вядучы інжынэр па якасьці з Пружанскага малочнага камбінату, прадукцыю якога Рассельгаснагляд таксама забракаваў. Яна сказала, што прэпараты групы лінказамідаў і макралідаў сапраўды выкарыстоўваюцца на беларускіх фэрмах, але малочныя заводы ня могуць кантраляваць іх колькасьць у малацэ, бо «гэтыя рэчывы не нармуюцца ні ў адным тэхнічным рэглямэнце Беларусі».
15 траўня ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Расеі адбыліся перамовы намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Расейскай Фэдэрацыі Яўгена Непаклонава і намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь Аляксандра Субоціна. Прадстаўнік Беларусі таксама казаў, што Расея выстаўляе прэтэнзіі да беларускіх харчоў на падставе паказьнікаў, якія адсутнічаюць у прававой базе і адпаведна не рэгулююцца:
«Рассельгаснагляд вельмі старанна правярае беларускія прадпрыемствы, фэрмы, вэтэрынарныя службы, сыравінныя зоны. Нашы камэнтары да папярэдніх справаздач склалі больш за 2000 старонак. У шэрагу прадуктаў беларускай вытворчасьці знаходзяць антыбіётыкі, кансэрванты. Гэтыя антыбіётыкі адсутнічаюць у нашай прававой базе, не забароненыя і выкарыстоўваюцца. Нідзе не рэглямэнтавана гранічна дапушчальная канцэнтрацыя іх, нідзе не прапісана, колькі антыбіётыку павінна быць у тоне прадукцыі, — 0,1 або 0,01 грама», — сказаў Субоцін у інтэрвію БелТА.
Вэтэрынарныя прэпараты, якія расейскі бок знаходзіць у беларускай прадукцыі, уплываюць на рэагаваньне чалавечага арганізму на антыбіётыкі. Іншымі словамі, чалавек можа не зрэагаваць на лекаваньне антыбіётыкам, таму што ягоны арганізм прывык да гэтага прэпарату, бо доўгі час ужываў яго разам з харчамі.
«Мы павінны выпрацаваць сумесныя мэтодыкі і сумесна кантраляваць здароўе людзей. Вельмі часта гэтая прэтэнзія адносіцца да кантрафакту, да падробленай прадукцыі. Пачынаем разьбірацца — не такая бляшанка, ня тая этыкетка. Як правіла, у палове выпадкаў гэта кантрафакт. Ня ўсе рэчывы ўплываюць на бясьпеку, асабліва колькасьць бялку, тлушчу, і калі па іх выстаўляюцца прэтэнзіі, гэта незразумела. Бо чалавеку ўсё адно, у малацэ 3 ці 3,1 грама бялку», — адзначыў Субоцін.
Нягледзячы на дамоўленасьць пра пастаўкі ў Расею прадукцыі з 2 мясаперапрацоўчых і 7 малочных заводаў Беларусаў, некаторыя прадпрыемствы застаюцца пад забаронай. Так, з 24 траўня Рассельгаснагляд не дазволіў пастаўкі мясной прадукцыі зь беларускіх прадпрыемстваў «Мясны двор Тарасава», «Мясапрадукт» і «Ружовы кіт».
Таксама захоўваюцца ўведзеныя раней часовыя абмежаваньні на ўвоз прадукцыі Стаўпецкага мясакансэрвавага камбінату і філіялу «Сэрвалюкс-Агра» СЗАТ «Сэрвалюкс».
Тым часам, пакуль Расея забараняе беларускія прадукты, Беларусь выходзіць на харчовы рынак Кітаю.