Паводле папярэдніх дадзеных, большасьць швайцарцаў прагаласавалі на рэфэрэндуме за плян ураду паступова адмовіцца ад ядзернай энэргетыкі, які прадугледжвае закрыцьцё ўсіх пяці АЭС у краіне. Пра гэта паведамляе AFP.
Паводле папярэдніх дадзеных, за паступовую адмову ад ядзернай энэргетыкі свае галасы аддалі каля 58% удзельнікаў рэфэрэндуму. Раней апытаньні паказвалі, што гэтую рэформу падтрымліваюць 56% грамадзян краіны.
Улады Швайцарыі пачалі распрацоўваць энэргетычную стратэгію да 2050 году пасьля катастрофы на АЭС Фукусіма-1 у Японіі.
Гэты плян прадугледжвае павелічэньне фінансаваньня аднаўляльных крыніц энэргіі і паступовы пераход да энэргіі ветру, сонца, гідраэнэргіі і да біяпаліва. А таксама закрыцьцё ўсіх пяці АЭС у краіне, пачынаючы з 2019 году.
У лістападзе летась швайцарцы на рэфэрэндуме выказаліся супраць скарачэньня тэрміну эксплёатацыі АЭС да 45 гадоў і закрыцьцё трох зь пяці дзеючых атамных электрастанцый у 2017 годзе. Пакуль жа ліцэнзіі дазваляюць эксплёатаваць АЭС на працягу нявызначанага тэрміну — да таго часу, пакуль яны адпавядаюць нормам бясьпекі.
Нацыянальна-кансэрватыўная швайцарская народная партыя выступала супраць урадавага пляну. Паводле яе падліку, адмова ад ядзернай энэргетыкі будзе каштаваць сямʼі з чатырох чалавек штогод 3200 швайцарскіх франкаў (2935 эўра). Праціўнікі рэформы зазначалі таксама, што адмова ад АЭС павялічыць залежнасьць краіны ад дастаўцаў энэргіі.
Ва ўрадзе сьцьвярджаюць, што плян разьвіцьця энэргетыкі будзе каштаваць кожнай сямʼі ўсяго 40 франкаў на год.