«Укантакце» паставіў рэкорд колькасьці ўнікальных карыстальнікаў з Украіны пасьля таго, як Кіеў забараніў гэтую сацыяльную сетку. Усяго за мінулыя содні сайт «Укантакце» наведалі 18 мільёнаў украінскіх карыстальнікаў. У супольнасьці «ВК Украіна» сьцьвярджаецца, што такім чынам расейская сацыяльная сетка стала самым папулярным інтэрнэт-рэсурсам у краіне.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў аўторак працягнуў санкцыі ў дачыненьні да Расеі, пашырыўшы сьпіс арганізацыяў, якія трапілі пад абмежаваньні. Пад санкцыі, у прыватнасьці, патрапілі расейскія «Вконтакте» і «Одноклассники», а таксама сэрвісы «Яндэксу» і Mail.Ru Group. Упершыню Украіна ўвяла абмежаваньні ў дачыненьні да Расеі ў верасьні 2015 году. Гэта было зроблена ў адказ на анэксію Крыму і ўзброеную падтрымку сэпаратыстаў на Данбасе.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch у сераду запатрабавала ад Парашэнкі неадкладна адмяніць блякаваньне расейскіх сайтаў, у тым ліку сацыяльных сетак. Праваабаронцы нагадалі, што Ўкраіна зьяўляецца ўдзельнікам Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне правоў чалавека, і заклікалі Кіеў гарантаваць абарону свабоды слова ў краіне.