16 траўня ў Партызанскім судзе Менску аднаўляецца працэс над супрацоўнікамі Ашмянскай мытні, якіх пачалі судзіць яшчэ 18 лістапада 2016 году.
У працэсе ўжо было некалькі перапынкаў, у тым ліку два запар доўгія перапынкі ўвесну 2017 году. У сакавіку перапынак цягнуўся месяц, а калі суд сабраўся, дык у той жа дзень зноў адклалі паседжаньне «для збору дастатковых доказаў». Наступны перапынак цягнуўся паўтара месяца. «Ды адпусьцілі б людзей пад падпіску, а самі б шукалі тыя доказы, калі яны ёсьць», — казалі ў кулюарах суду назіральнікі.
Адзінаццаць ашмянскіх мытнікаў судзяць за атрыманьне хабару ў вялікім памеры ў складзе групы. Кожнаму з падсудных інкрымінуюць сумы хабару ад 8 да 13 тысяч даляраў. Сямёра падсудных на першых пасяджэньнях прызналі віну часткова: што бралі грошы ад сваіх кіраўнікоў нібыта за тое, што бесьперашкодна прапускалі празь мяжу аўтамабілі з кветкамі. Пры гэтым мытнікі кажуць, што падчас агляду гэтых аўтамабіляў не парушалі сваіх службовых абавязкаў.
Астатнія 4 мытнікі, у тым ліку краязнаўца з Астравеччыны Алесь Юркойць, сваёй віны не прызнаюць цалкам. Гэтыя мытнікі маюць намер давесьці суду, што нічога ня ведалі пра дзейнасьць на мытні злачыннай групоўкі, якую, меркавана, стварылі некаторыя кіраўнікі мытні.
Паралельна ў Менскім абласным судзе праходзіць працэс над мытнікамі, якія займалі адказныя пасады ў кіраўніцтве Ашмянскай мытні.