Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку можна «бяз каскі»


Аляксандар Лукашэнка на суботніку 24 красавіка
Аляксандар Лукашэнка на суботніку 24 красавіка

«Прафсаюзьнікі» Аляксандар Хамратаў і Аляксей Паўлоўскі абурыліся, калі пабачылі, як Аляксандар Лукашэнка на суботніку працуе бяз каскі — «парушае правілы тэхнікі бясьпекі». Але Міністэрства працы і сацыяльнай абароны задаволіць іх скаргу на гэты конт адмовілася.

На прыцягненьні да адказнасьці настойвалі двое магілёўскіх актывістаў з прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Хамратаў і Аляксей Паўлоўскі.

Сябры прафсаюзу напісалі скаргу ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, калі пабачылі растыражаваныя дзяржаўнымі СМІ відэа- і фатаздымкі, на якіх кіраўнік дзяржавы на суботніку 22 красавіка бяз каскі залівае бэтон на будоўлі гімнастычнага комплексу.

«Тое, што мы пабачылі на фота і відэа, — гэта відавочнае парушэньне правілаў бясьпекі. Любая праверка за такое парушэньне карае і працаўніка, і адміністрацыю арганізацыі-наймальніка. А тут кіраўнік дзяржавы „паказвае прыклад для перайманьня“. Каму такая праца патрэбная? Відаць, Лукашэнка лічыць, што законы ды патрабаваньні не для яго і ён можа вытвараць, што хоча. Але такая практыка заганная. Некалі можа канцом бэтонаправоду дужа добра яму перапасьці», — тлумачыў сваё разуменьне сытуацыі будаўнік з 35-гадовым стажам Аляксей Паўлоўскі.

У адказе зь Міністэрства сябрам прафсаюзу адпісалі, што Лукашэнка ні працоўных, ні грамадзянска-прававых стасункаў з арганізацыяй, якая выконвала працы на будоўлі, ня меў.

«Такім чынам, — адказаў актывістам першы намесьнік дырэктара Дэпартамэнту аховы працы Аляксандар Семіч, — адсутнічаюць падставы для прыцягненьня да адказнасьці за парушэньне патрабаваньняў аховы працы адказных асобаў будаўнічай арганізацыі».

Чыноўнік адзначыў, што пытаньнямі аховы Лукашэнкі займаецца служба бясьпекі прэзыдэнта.

Актывіст прафсаюзу Аляксандар Хамратаў называе адказ зь ведамства, у функцыі якога ўваходзіць дбаньне пра выкананьне працаўнікамі правілаў бясьпекі, камічным. На ягоную думку, зварот у Міністэрства быў нечаканым для службоўцам, і таму яны адпісалі, як змаглі.

«З адказу вынікае: калі чалавек ня мае працоўных стасункаў з будаўнічай арганізацыяй, то яму дазваляецца парушаць правілы тэхнікі бясьпекі і яго можна дапускаць на аб’екты павышанай небясьпекі, але гэта абсурдна з гледзішча закону, — адзначае Аляксандар Хамратаў. — Мы ўгледзелі парушэньне і своечасова прасыгналізавалі ўладам пра яго, аднак яны ня хочуць парушэньне прызнаваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG